Міжнародныя з’езды славістаў – буйнейшыя міжнародныя навуковыя форумы, на якіх абмяркоўваюцца праблемы развіцця, ўзаемадзеняня і пашырэння ў свеце славянскіх моў, літаратур і культур, а таксама іх даследавання. Праводзяцца, пачынаючы з 1929 года, кожныя пяць гадоў па чарзе ў славянскіх краінах. Апошні ХV Міжнародны з’езд славістаў адбыўся ў 2013 годзе ў Мінску (Рэспубліка Беларусь, старшыня Міжнароднага камітэта славістаў член-карэспандэнт НАН Беларусі Аляксандр Лукашанец). На пленуме МКС у Мінску падчас з’езда было прынята рашэнне аб правядзенні ХVІ Міжнароднага з’езда славістаў у 2018 годзе ў Бялградзе (Сербія) і старшынёй МКС на наступныя пяць гадоў быў абраны прафесар Бошка Сувайджыч.
Падчас свайго выступлення Б. Сувайджыч спыніўся на навуковай тэматыцы з’езда, формах работы, адзначыўшы, што ў Бялградзе ўпершыню за гісторыю правядзення з’ездаў славістаў маладым вучоным будзе прадастаўлена магчымасць выступіць са стэндавымі дакладамі. Старшыня МКС таксама адзначыў высокі ўзровень арганізацыі і правядзення ў 2013 годзе ў Мінску ХV Міжнароднага з’езда славістаў.
У сустрэчы, якую адкрыў дырэктар Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі акадэмік А.І. Лакотка, таксама прынялі ўдзел сакратар па культуры Гарадской управы горада Бялграда Уладан Вукасаўлевіч, прадстаўнік Гарадской управы горада Бялграда Івана Джэгіч і выкладчык беларускай мовы Бялградскага ўніверсітэта Святлана Галяк, якая расказала пра выкладанне беларускай мовы ва ўніверсітэце.
Завяршаючы сустрэчу старшыня Беларускага камітэта славістаў Аляксандр Лукашанец падзякаваў старшыні МКС за высокую ацэнку правядзення ХV Міжнароднага з’езда славістаў у Мінску і расказаў аб падрыхтоўцы беларускіх славістаў да ХVІ МКС у Бялградзе.
На сустрэчы прысутнічалі супрацоўнікі Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі, выкладчыкі БДУ, БДПУ імя Максіма Танка, ВДУ імя П.М. Машэрава, ГДУ імя Ф. Скарыны і іншыя.