У НАН Беларусі прайшла сустрэча з дэлегацыяй Міністэрства адукацыі, даследаванняў і тэхналогій Ірана
14 ліпеня 2016 года ў НАН Беларусі адбылася сустрэча з дэлегацыяй Міністэрства адукацыі, даследаванняў і тэхналогій Ісламскай Рэспублікі Іран на чале з Міністрам навукі, даследаванняў і тэхналогій Махамадам Фархадзі. Таксама ў склад дэлегацыі ўвайшлі Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Ісламскай Рэспублікі Іран у Рэспубліцы Беларусь Махамад Рэза Сабуры, кіраўнікі, саветнікі, эксперты і спецыялісты міністэрства, навуковых і адукацыйных устаноў Рэспублікі Іран. Госці наведалі пастаянную выстаўку НАН Беларусі “Дасягненні айчыннай навукі – вытворчасці”, дзе былі азнаёмлены з асноўнымі напрамкамі дзейнасці арганізацый НАН Беларусі. Пасля гэтага былі праведзены перагаворы са Старшынёй Прэзідыума НАН Беларусі аб перспектыўных напрамках і механізмах супрацоўніцтва. Госці выказалі зацікаўленасць у падрыхтоўцы навуковых кадраў і спецыялістаў у арганізацыях НАН Беларусі як у фармаце стажыровак, так і падрыхтоўкі кандыдацкіх прац. Таксама бакі дамовіліся аб правядзенні навукова-практычных лекцый спецыялістаў НАН Беларусі інжынернага профілю ў Іране. Пасля перагавораў візіт Іранскай дэлегацыі працягнуўся наведваннем ДНУ “Аб’яднаны інстытут праблем інфарматыкі”.