Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

31.08.2016

У НАН Беларусі адбылося пасяджэнне аргкамітэта па падрыхтоўцы і правядзенні Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі “25 год Садружнасці Незалежных Дзяржаў: вынікі і перспектывы”

31 жніўня 2016 года ў НАН Беларусі адбылося чарговае, трэцяе, пасяджэнне аргкамітэта па падрыхтоўцы і правядзенні Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі “25 год Садружнасці Незалежных Дзяржаў: вынікі і перспектывы” з удзелам Старшыні Прэзідыума НАН Беларусі Уладзіміра Гусакова і першага намесніка Старшыні Выканаўчага камітэта – Выканаўчага сакратара Садружнасці Незалежных Дзяржаў Уладзіміра Гаркуна.

На пасяджэнні аргкамітэта падрабязна абмеркаваны арганізацыйна-фінансавыя пытанні падрыхтоўкі канферэнцыі, правядзенне пленарнага пасяджэння, секцый і падсекцый, падвядзенне вынікаў канферэнцыі і прыняцце выніковага дакумента, а таксама культурная праграма для ўдзельнікаў. Як адзначыў Старшыня Прэзідыума НАН Беларусі Уладзімір Гусакоў НАН Беларусі ўжо выкананы рад арганізацыйных мерапрыемстваў па падрыхтоўцы да будучага форума.

Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя “25 год Садружнасці Незалежных Дзяржаў: вынікі і перспектывы” адбудзецца 28 – 29 верасня ў Мінску ў будынку Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. У форуме прымуць удзел звыш 200 прадстаўнікоў усіх краін Садружвасці: супрацоўнікі дзяржаўных органаў, дыпламатычных місій, акрэдытаваных у Беларусі, паслы і пастаянныя прадстаўнікі краін СНД, прадстаўнікі органаў СНД і базавых арганізацый краін СНД, члены камісіі па эканамічных пытаннях пры эканамічным савеце СНД, кіраўнікі буйнейшых навуковых і навучальных устаноў, вядучыя вучоныя і спецыялісты, дзеячы культуры. На канферэнцыі плануецца падвесці вынікі 25-годдзя Садружнасці Незалежных Дзяржаў і выпрацаваць канкрэтныя рэкамендацыі па павышэнні эфектыўнасці дзейнасці Садружнасці на перспектыву.

У рамках канферэнцыі прадугледжаны 4 секцыі: “Эканамічнае ўзаемадзеянне і ўдасканаленне заканадаўчай базы дзяржаў – удзельніц СНД”, “Навука і інавацыйнае супрацоўніцтва дзяржаў – удзельніц СНД”, “Узаемадзеянне дзяржаў – удзельніц СНД у сферы культуры, турызму, спорту і маладзёжнай палітыкі” і “Узаемадзеянне дзяржаў – удзельніц СНД у сферы бяспекі, барацьбы са злачыннасцю і тэрарызмам”.

У рамках канферэнцыі пройдзе пасяджэнне Савета Міжнароднай асацыяцыі акадэмій навук (МААН), а таксама пасяджэнне Кансультатыўнага савета МААН па пытаннях аховы інтэлектуальнай уласнасці і перадачы тэхналогій. Кіраўнікі і вядучыя вучоныя акадэмій навук абмяркуюць перспектыўныя напрамкі ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва.