Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

13.09.2016

Маладыя вучоныя НАН Беларусі будуць змагацца ў навуковых баях першага ў Беларусі праекта ў фармаце Science Slam

16 верасня 2016 года ў Мінску ў Парку высокіх тэхналогій стартуе “Навуковы рынг” - першы ў Беларусі праект у фармаце навуковых баёў або Science Slam, які стаў вельмі папулярны ў розных краінах свету. У навуковых баях прымуць удзел маладыя вучоныя Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, спецыялісты ВНУ і незалежныя эксперты, якія маюць вопыт працы ў сферы навукі. Асноўная мэта праекта - стварыць супольнасць вучоных, якім па-сапраўднаму цікавая папулярызацыя навукі, а таксама даць магчымасць шырокай аўдыторыі азнаёміцца з унікальнымі даследаваннямі і тэхналогіямі беларускіх спецыялістаў.

У ходзе выступленняў першага «Навуковага рынга» вучоныя з розных сфер навукі закрануць важныя пытанні, якія тычацца дыягностыкі, папярэджання і стратэгій лячэння розных захворванняў, фармакалогіі, рэсурсаў чалавечага арганізма, экалогіі, альтэрнатыўнай энергетыкі і інш.

Анонсы выступленняў спікераў размешчаны на афіцыйным Youtube-канале мерапрыемства.

”Навуковы рынг” пройдзе пры падтрымцы Савета маладых вучоных НАН Беларусі, Цэнтральнай навуковай бібліятэкі НАН Беларусі, кампаніі EPAM Systems, EPAM-Гаража, Парку высокіх тэхналогій.

Уваход на мерапрыемства бясплатны, з абавязковай рэгістрацыяй на сайце праекта

Час правядзення: 16.09. 2016 ў 18.00

Месца правядзення: г.Мінск, вул. Купрэвіча, 1/5

Арганізатары і кантактная інфармацыя:

Аліна Шкутава, супрацоўнік Цэнтральнай навуковай бібліятэкі НАН Беларусі
Алена Палякова, супрацоўнік кампаніі EPAM Systems