Выданне ўяўляе сабой зборнік дакументаў (іх агульная колькасць каля 500), сярод якіх прывілеі Вялікіх князёў літоўскіх на зямельныя падараванні жыхарам Полацка і Полацкай зямлі, дагаворы і перапіска гэтых князёў з уладамі Рыгі па справах палачан, карэспандэнцыя палачан і рыжан і інш. Дакументы адлюстроўваюць складанае і шматбаковае ўзаемадзеянне розных этнасаў – русінаў, латышоў, літоўцаў, немцаў, іх культур, разнастайныя афіцыйныя, дзелавыя і асабістыя кантакты іх прадстаўнікоў. Выданне падрыхтавана ў адпаведнасці з сучаснымі навуковымі патрабаваннямі і будзе карысным не толькі для гісторыкаў, але і для лінгвістаў розных спецыяльнасцей.
Выданне ўтрымлівае шырокі ілюстрацыйны матэрыял.
У рамках прэзентацыі адбудзецца адкрыццё выстаўкі “А Полтескъ теж есть, хвалячи Бога, место словутное...”. У экспазіцыі будуць дэманстравацца дакументы XVII – пачатку ХХ стагоддзя, а таксама працы гісторыкаў ХІХ – пачатку ХХ стагоддзя і дасягненні сучаснай беларускай і замежнай гістарыяграфіі. Сярод кніг даследаванні С.І. Пляшчэева («Обозрение Российской империи в нынешнем ее новоустроенном состоянии», 1790), І.І. Лапо («Полоцкая ревизия 1552 г.», 1905), М.К. Любаўскага («Очерк истории Литовско-Русского государства до Люблинской унии включительно. С приложением текста хартий, выданных княжеству Литовскому и его областям», 1915), рад кніг з аўтографамі даследчыка Полацкай зямлі А.П. Сапунова і інш.
Акрамя таго, будуць выстаўлены некаторыя тамы ўнікальнай навуковай серыі “Utrecht Studies in Medieval Literacy”, у якую ўвайшлі даследаванні па гісторыі пісьменства і кніжнай культуры сярэднявяковай Еўропы.
Асобны раздзел складуць кнігі, што выходзілі ў тыпаграфіі Полацкага езуіцкага калегіума. Гэта слоўнікі, падручнікі, календары, творы Гарацыя, Цыцэрона. Сярод выданняў кніга з калекцыі Бібліятэкі Насвіжскай ардынацыі – падручнік граматыкі лацінскай мовы Мануэля Альвараса (1526–1582) з экслібрысам Ежы Радзівіла («Emmanuelis Alvari… de Institutione grammatical linguae Latinae…», 1794).
Будуць шырока прадстаўлены ўнікальныя рукапісныя матэрыялы XVII–XVIII стст. з рукапіснага фонду “Калекцыя”. Сярод іх гандлёвыя, зямельныя і судовыя дакументы, звязаныя з Полацкам і Полацкай зямлёй.
У прэзентацыі прымуць удзел вучоныя НАН Беларусі, прадстаўнікі ВНУ г. Мінска, Пасольства Латвійскай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь.