Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

25.10.2016

У НАН Беларусі адбудзецца адкрыццё лабараторна-эксперыментальнага ўчастка па вылучэнні і ачыстцы чалавечага лактаферыну з малака трансгенных коз

26 кастрычніка 2016 г. у 15.00 у Інстытуце мікрабіялогіі НАН Беларусі (вул. акад. В.Ф.Купрэвіча, 2) адбудзецца адкрыццё лабараторна-эксперыментальнага ўчастка па вылучэнні, ачыстцы і ліафілізацыі* чалавечага лактаферыну з малака коз-прадуцэнтаў.

У рамках рэалізацыі праграм Саюзнай дзяржавы “БелРасТрансген” і “БелРасТрансген-2” сумеснымі намаганнямі беларускіх і расійскіх вучоных упершыню ў свеце створаны статак трансгенных коз - прадуцэнтаў рэкамбінантнага чалавечага лактаферыну, распрацаваны тэхналогіі атрымання высокаачышчанага мэтавага бялку, даследаваны яго біялагічныя ўласцівасці. Увядзенне ў эксплуатацыю лабараторна-эксперыментальнага ўчастка па вылучэнні, ачыстцы і ліафілізацыі рэкамбінантнага чалавечага лактаферыну з малака коз-прадуцэнтаў з’яўляецца лагічным працягам работ у гэтым напрамку. На пачатковым этапе плануецца выпуск мэтавага бялку ў колькасці не менш за 5 кг у год, што дасць магчымасць забяспечыць айчыннымі лактаферынутрымліваючымі біялагічна актыўнымі дабаўкамі да ежы каля 2 000 чалавек.

Лактаферын - унікальны поліфункцыянальны бялок, які прысутнічае ў малацэ чалавека і іншых млекакормячых. Лактаферын мае перспектыўныя ў біяфармацэўтычным дачыненні ўласцівасці: антыбактэрыйныя, антывірусныя, антымікробныя, антыканцэрагенныя, супрацьзапаленчыя, імунамадулюючыя, антыаксідантныя і рэгенератыўныя. Дадзены бялок запатрабаваны пры вытворчасці біялагічна актыўных дабавак, дзіцячага і дыетычнага харчавання, фармацэўтычнай і парфумерна-касметычнай прадукцыі. Сусветная патрэба ў лактаферыне дасягае 90 т штогод. Кошт аднаго грама рэкамбінантнага чалавечага бялку складае каля 900 долараў ЗША.


* Ліафілізацыя (ад стар.-грэч. Λύω - раствараю і φιλέω - люблю) - спосаб мяккай сушкі рэчываў