Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

28.10.2016

Маладыя вучоныя НАН Беларусі прымуць удзел у першым Чэмпіянаце свету "Composite Battle"

Маладыя вучоныя зборнай каманды Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі 29 кастрычніка 2016 г. прымуць удзел у Чэмпіянаце свету па кампазіцыйных матэрыялах Composite Battle World Cup Kazan 2016 і міжнароднай канферэнцыі па кампазітных тэхналогіях (г. Казань, Расійская Федэрацыя).

У 2015 годзе маладзёжная каманда НАН Беларусі “CompAS” прайшла конкурсны адбор чэмпіянату Расіі па кампазітах сярод маладых спецыялістаў прадпрыемстваў і студэнтаў ВНУ “Composite Battle”. У склад каманды ўваходзяць прадстаўнікі Аб’яднанага інстытута машынабудавання НАН Беларусі і Навукова-вытворчага цэнтра шматфункцыянальных беспілотных комплексаў. Кіраўнік дэлегацыі - намеснік генеральнага дырэктара па навуковай рабоце і інавацыйнай дзейнасці Аб’яднанага інстытута машынабудавання НАН Беларусі Алег Елавой, эксперт конкурсу; дакладчык на канферэнцыі - галоўны інжынер НПЦ шматфункцыянальных беспілотных комплексаў Міхаіл Лузан.

У праграму чэмпіянату ўключаны: брэйн-рынг - інтэлектуальныя спаборніцтвы па адказах на хуткасць, тэхналагічны конкурс – вытворчасць вырабу з кампазітаў, разлік канструкцыі - праектаванне і разлік на трываласць кампазітнай канструкцыі, бізнес-кейсы - конкурс ідэй па камерцыялізацыі кампазітных распрацовак. Акрамя таго, удзельнікі чэмпіянату прадставяць “хатнія заданні” - відэаролік аб камандзе, бізнес-кейс, а таксама прымуць удзел у конкурсе капітанаў. Для гасцей плануецца правядзенне майстар-класаў спецыялістаў-кампазітчыкаў сусветнага ўзроўню, конкурсу інавацый школьнікаў, экскурсійная праграма.

Першы Чэмпіянат свету па кампазіцыйных матэрыялах Composite Battle World Cup Kazan 2016 (г. Казань, Расійская Федэрацыя) праводзіцца 26-29 кастрычніка ў два этапы - федэральным і міжнародным. У спаборніцтве прымаюць удзел маладыя вучоныя і спецыялісты з 15 краін, у тым ліку з Расіі, Беларусі, Германіі, Індыі, Італіі, Казахстана, Кітая, Велікабрытаніі, Францыі, ЗША, Бразіліі, ЮАР і іншых. У 2016 годзе конкурс прысвечаны 55-годдзю палёту чалавека ў космас, і яго ўдзельнікі будуць працаваць над дэталямі вырабаў для авіяцыйна-касмічнай галіны. Конкурс па кампазітах праводзіцца па заданнях камп’ютарнага праектавання матэрыялаў і канструкцый беспілотных робататэхнічных сістэм, іх адзінкавай вытворчасці і выпрабаваннях на трываласць і разбурэнне. На думку арганізатараў, мэты чэмпіянату - далейшая папулярызацыя і прасоўванне галіны кампазіцыйных матэрыялаў сярод маладых інжынераў і студэнтаў, развіццё кадравага патэнцыялу галіны ў рамках імпартазамяшчэння.