Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

28.10.2016

У НАН Беларусі дадзены ўрачысты старт 9-ай беларускай антарктычнай экспедыцыі

27 кастрычніка 2016 года ў НАН Беларусі быў дадзены ўрачысты старт 9-й Беларускай антарктычнай экспедыцыі. Перад пачаткам афіцыйнай часткі мерапрыемства дэманстраваліся інфармацыйныя фота- і друкаваныя матэрыялы, прысвечаныя тэматыцы вечара, экспанаты Цэнтра акіянаграфіі “Адкрыты акіян”. Са сказанымі на дарогу словамі да ўдзельнікаў экспедыцыі звярнуліся прадстаўнікі Прэзідыума і аддзяленняў НАН Беларусі. Старшыня Прэзідыума НАН Беларусі Уладзімір Гусакоў урачыста перадаў новаму складу экспедыцыі сцяг Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Падчас вечарыны быў паказаны фільм пра мантаж першай чаргі беларускай антарктычнай станцыі “Каманда А”. Кандыдат біялагічных навук, дацэнт кафедры мікрабіялогіі БДУ Уладзіслаў Мямін выступіў з дакладам пра таямніцы антарктычных азёр, удзельнікі мінулых экспедыцый і вучоныя падзяліліся ўспамінамі і вынікамі навуковых даследаванняў. Таксама маладыя артысты дзіцячай студыі «ЛеМари» прадставілі мастацкія нумары. Пасля завяршэння афіцыйнай часткі ва ўсіх жадаючых была магчымасць задаць прадстаўнікам экспедыцыі свае пытанні.

У гэтым годзе ў Антарктыку адправіцца група з шасці чалавек. Перад беларускімі палярнікамі стаіць задача рэалізоўваць праграму па пяці зацверджаных навуковых напрамках, уключаючы вывучэнне аэразольна-газавага складу атмасферы, вывучэнне азонавага пласта, аспектаў геафізікі, біялогіі і мікрабіялогіі. Таксама намечаны мантаж васьмісекцыйнай платформы і санітарна-гігіенічнага блока Беларускай антарктычнай станцыі.