Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

10.11.2016

У Мінску адбудзецца прэзентацыя кнігі пра беларускія балоты і адкрытая лекцыя, прысвечаная іх вывучэнню

Сёння ў 18.00 у Цэнтральнай навуковай бібліятэцы НАН Беларусі (Мінск, вул.Сурганава, 15, к.110) адбудзецца прэзентацыя кнігі “Флора і расліннасць верхавых балот Беларусі”. Дадзенае выданне - вынік працы даследчыкаў і валанцёраў з 48 краін свету. Прычына такой міжнароднай навуковай цікавасці - не толькі ў унікальнасці нашых біятопаў, але і ў тым, што яны маюць агульнаеўрапейскае і агульнасусветнае значэнне.

Балоты здаўна былі для людзей не толькі крыніцай загадак, міфаў і легенд, крыніцай прыродных багаццяў, але і сапраўднай скарбніцай для даследаванняў. Пра гісторыю вывучэння і асаблівасці балот, іх значэнні для біясферы і біялагічнай разнастайнасці Беларусі, а таксама аб іх выкарыстанні і ахове пойдзе размова на лекцыі “Крок у свет верхавых балот”.

У мерапрыемстве прымуць удзел: кандыдат біялагічных навук Дзмітрый Генадзьевіч Грумо (Інстытут эксперыментальнай батанікі НАН Беларусі), кандыдат біялагічных навук Алег Віктаравіч Созінаў (Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы), кандыдат біялагічных навук Вольга Уладзіміраўна Галаніна (Інстытут навук аб зямлі, Санкт-Пецярбургскі дзяржаўны ўніверсітэт), кандыдат біялагічных навук Наталля Аляксееўна Зелянкевіч (Інстытут эксперыментальнай батанікі НАН Беларусі). Будзе дэманстравацца выстава, прысвечаная беларускім балотам і іх даследаванням.

Арганізатарамі мерапрыемства выступаюць Інстытут эксперыментальнай батанікі імя В.Ф. Купрэвіча НАН Беларусі, Цэнтральная навуковая бібліятэка імя Я. Коласа НАН Беларусі, праект “Навука па-за сабой”. Інфармацыйны партнёр - грамадская арганізацыя “Багна”.

Уваход на мерапрыемства бясплатны, з рэгістрацыяй па спасылцы.