Выключнае месца ў фарміраванні беларускага этнасу займае Тураў і Тураўшчына – адзін са старажытныых цэнтраў племені дрыгавічоў, што склалі яго аснову.
Кніга змяшчае ўнікальны моўны матэрыял, сабраны ў населеных пунктах культурна-гістарычнага і прыродна-геаграфічнага рэгіёна Тураўшчыны і яго праекцыю на картах мікраатласа. Цэнтральнае становішча Тураўшчыны ў межах Беларускага Палесся дазваляе прасачыць яго сувязі з іншымі дыялектнымі зонамі і адначасова сведчыць пра захаванне рэгіянальнай моўнай культуры.
«Лінгвістычны мікраатлас Тураўшчыны», з’яўляючыся ў значнай ступені своеасаблівым дадаткам да «Тураўскага слоўніка» (1982 – 1987), ставіць і часткова вырашае свае спецыфічныя задачы ў галіне лінгвагеаграфіі, сацыялінгвістыкі і псіхалінгвістыкі.
Выданне разлічана на спецыялістаў-моваведаў, студэнтаў, выкладчыкаў, а таксама ўсіх тых, хто цікавіцца мовай і культурай роднага краю.
Да мерапрыемства падрыхтавана выстава «Кніжная экспедыцыя па Палескаму краю. Тураўшчына». Гэты самабытны край заўседы вабіў да сябе падарожнікаў, паэтаў, вучоных-этнографаў, лінгвістаў. На выставе будуць дэманстравацца найбольш цікавыя працы, якія адлюстроўваюць гісторыю народнай культуры Усходняга Палесся. Сярод іх даследаванні такіх знакамітых вучоных, як А. Сержпутоўскі, К. Машынскі, Ч. Пяткевіч. Сучасныя выданні прадстаўлены атласамі, зборнікамі навуковых прац, матэрыяламі канферэнцый, калектыўнымі і аўтарскімі манаграфіямі. Частка выданняў прысвечана гісторыі старажытнага горада Турава.
У прэзентацыі возьмуць удзел супрацоўнікі Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа, выкладчыкі ВНУ, прадстаўнікі навуковай і творчай грамадскасці краіны.
Запрашаем усіх жадаючых у інфармацыйна-выставачны цэнтр ЦНБ НАН Беларусі: вул. Сурганава, 15, першы паверх, п. 110.
Кантакты: Гаранін Сяргей Лявонцьевіч: + 375 17 284 27 18