Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

25.11.2016

Актуальныя праблемы і перспектывы сучаснай беларускай тэксталогіі абмеркавалі ў Інстытуце літаратуразнаўства імя Янкі Купалы

22—23 лістапада 2016 года ў Інстытуце літаратуразнаўства імя Янкі Купалы Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі адбылася першая Рэспубліканская навукова-практычная канферэнцыя “Сучасная беларуская тэксталогія: актуальныя праблемы і перспектывы развіцця”.

У канферэнцыі прынялі ўдзел вядомыя беларускія і ўкраінскія навукоўцы. Падчас працы навуковых секцый былі абмеркаваны шматлікія пазіцыі тэксталагічнай навукі, сярод якіх: праблемныя пытанні сучаснай і гістарычнай тэксталогіі; тэксталогія і гісторыка-літаратурны працэс; асаблівасці падрыхтоўкі навукова каментаваных збораў твораў з улікам нацыянальнай спецыфікі; тэксталогія і эдыцыйная практыка; гісторыя тэксту, атрыбуцыя і датаванне, творчая воля аўтара, унутраная і знешняя цэнзура, асаблівасці выбару асноўнага і дэфінітыўнага тэкстаў, тэкст, пераклад, каментарыі; тэксталогія пісьменнікаў і асобных твораў і інш.

У межах канферэнцыі была адкрыта выстава “Тэксталогія – мая прафесія...”, на якой былі прадстаўлены як Зборы твораў класікаў беларускай літаратуры, падрыхтаваныя ў краіне за апошнія гады, так і тэарэтычныя выданні па тэксталогіі, агляд якіх быў зроблены падчас рэвю навейшых выданняў.

Урачыстае адкрыццё канферэнцыі адбылося прывітальным словам ад акадэміка-сакратара Аддзялення гуманітарных навук і мастацтваў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, члена-карэспандэнта НАН Беларусі, доктара гістарычных навук, прафесара Кавалені А. А.

Падчас пленарнага пасяджэння выступілі: дырэктар Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі, акадэмік, доктар гістарычных навук, доктар архітэктуры, прафесар Лакотка А. І., дырэктар Інстытута літаратуразнаўства імя Янкі Купалы, доктар філалагічных навук, прафесар Саверчанка І. В., член-карэспандэнт НАН Беларусі, доктар філалагічных навук, прафесар Мушынскі М. І., член-карэспандэнт НАН Беларусі, доктар філалагічных навук, прафесар Лаўшук С. С., дырэктар Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва Запартыка Г. В., галоўны рэдактар выдавецкага дома “Беларуская навука” Кісялёў Г. К., галоўны рэдактар выдавецтва “Мастацкая літаратура” Шніп В. А., намеснік дырэктара Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа, кандыдат філалагічных навук, дацэнт Гаранін С. Л., унучка Якуба Коласа, малодшы навуковы супрацоўнік аддзела архітэктуры Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі Міцкевіч В. Д. і інш.


Заг. аддзела выданняў і тэксталогіі
Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі
Алена Васілевіч