Як адзначыў прэзідэнт Сусветнай супольнасці даўгалецця Раберта Пілі, сістэма харчавання ў беларускіх вёсках з’яўляецца ідэальнай платформай для даўгалецця. Адказваючы на пытанне адносна актыўнага ўжывання беларусамі бульбы, Раберта Пілі адзначыў, што па пажыўнасці гародніну можна параўнаць з італьянскай пастай. Пры гэтым ён звярнуў увагу, што на аснове бульбы можна стварыць сістэму харчавання, якая мае ўсе неабходныя пажыўныя элементы, дадаўшы ў рацыён пэўную колькасць мяса і малака, а таксама гародніны і садавіны.
На думку Раберта Пілі, кожны народ павінен харчавацца згодна з традыцыямі свайго рэгіёну. Як адзначыў галоўны вучоны сакратар Нацыянальнай акадэміі навук Аляксандр Кільчэўскі, у Беларусі і італьянскай Сардзініі наладжаны даўнія і цесныя кантакты, актыўна развіваецца навуковае супрацоўніцтва. Восенню бягучага года дэлегацыя НАН Беларусі падпісала ў Кальяры (сталіца італьянскага вострава Сардзінія) дагавор аб навуковым супрацоўніцтве. “Такія кантакты спалучаюць магчымасць навуковых зносін і супрацоўніцтва, а таксама ствараюць перспектывы для ўмацавання бізнес-кантактаў”, - выказаў упэўненасць Аляксандр Кільчэўскі.
Як вядома, Сардзінія з’яўляецца адной з пяці “блакітных зон” у свеце (разам з востравам Ікарыя ў Грэцыі, Акінава ў Японіі, паўвостравам Нікоя ў Коста-Рыцы і вёскай Лома-Лінда ў Паўднёвай Каліфорніі), якія славяцца сваімі доўгажыхарамі. Жыхары “блакітных зон” значна радзей схільныя да сур’ёзных захворванняў і часцей за іншых дажываюць да 100 гадоў. Рэгіён Сардзінія адрозніваецца вялікай колькасцю доўгажыхароў не толькі дзякуючы спадчынным фактарам, але і дзякуючы якасці прадуктаў харчавання.