Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

14.12.2016

У НАН Беларусі ўзнагародзілі юных даследчыкаў

14 снежня 2016 года ў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі адбылася ўрачыстая цырымонія ўзнагароджання ўдзельнікаў гарадскога фестывалю праектна-даследчых работ навучэнцаў пачатковых класаў “Пазнанне і творчасць 2016”. Усяго ў мерапрыемстве прынялі ўдзел больш за 200 юных даследчыкаў. Адзначым: фестываль праводзіцца Мінскім гарадскім інстытутам развіцця адукацыі сумесна з Саветам маладых вучоных Нацыянальнай Акадэміі навук Беларусі. Яго мэта - стварэнне ўмоў для выяўлення, падтрымкі і развіцця інтэлектуальна-творчага патэнцыялу навучэнцаў I ступені агульнай сярэдняй адукацыі. Удзельнікамі фестывалю сталі навучэнцы 2-х - 4-х класаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі сталіцы, што аддалі на разгляд журы вучэбна-даследчыя работы і праекты (індывідуальныя або групавыя), рэкамендаваныя ўстановай адукацыі.

Намінацыі фестывалю 2016 года:
- Культурная спадчына роднага краю
- Незвычайнае ў звычайным
- Прафесія і хобі.

У цырымоніі ўзнагароджання прынялі ўдзел прадстаўнікі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, галоўны вучоны сакратар Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, член-карэспандэнт НАН Беларусі, доктар біялагічных навук, прафесар Аляксандр Кільчэўскі, кіраўніцтва Савета маладых вучоных НАН Беларусі.