1. Спіс Топ 10 фундаментальных вынікаў навуковых даследаванняў вучоных НАН Беларусі 2016 адкрывае вынік, атрыманы маладымі супрацоўнікамі Інстытута фізікі імя Б.І.Сцяпанава, якім удалося стварыць новы метад лакалізацыі квантавых станаў святла на аснове абмежаванага ліку т.зв. рэканструкцыйных вымярэнняў. Метад дазваляе ажыццяўляць эфектыўную квантавую тамаграфію святла. Вынік апублікаваны ў адным з часопісаў Nature - самым прэстыжным сусветным навуковым выданні.
2. Другі вынік - прадказанне і рэалізацыя новага тыпу светлавых палёў - перабудоўваемых лазерных пучкоў Эйры, якія валодаюць уласцівасцю самарэканструкцыі профілю пры распаўсюджванні ў рассейвальных і неаднародных асяроддзях, таксама атрыманы супрацоўнікамі акадэмічнага Інстытута фізікі. Такія пучкі неабходныя для ажыццяўлення дастаўкі светлавой энергіі на вялікія адлегласці ў параўнанні са звычайнымі (гаусаўскімі) пучкамі.
3. Супрацоўнікі Аб’яднанага інстытута праблем інфарматыкі НАН Беларусі распрацавалі новы метад аналізу складаных малюнкаў вялікіх памераў, заснаваны на інфармацыйных тэхналогіях глыбіннага навучання. Як патлумачыў, каментуючы вынік, намеснік Старшыні Прэзідыума НАН Беларусі, акадэмік Сяргей Кілін, метад дазволіў распрацаваць высокаэфектыўны спосаб аўтаматычнага аналізу гісталагічных малюнкаў, па якіх вызначаецца наяўнасць анкалагічных захворванняў грудзей ужо на самай ранняй стадыі захворвання. Каманда аўтараў, удзельнічаючы ў Міжнародных спаборніцтвах 2016 года TUPAC16 і CAMELYON16, прысвечаных праблеме аўтаматызаванай дыягностыкі рака грудзей, у якіх удзельнічала больш за 100 прафесійных каманд з розных краін свету, увайшла ў 4-ку лепшых у намінацыі “Прадказанне індэкса праліферацыі на аснове падліку мітозаў”, апярэдзіўшы каманды ўніверсітэтаў ЗША, Германіі, Велікабрытаніі і інш.
4. Супрацоўнікамі ДНВА “Парашковай металургіі” ўстаноўлены механізмы масапереносу ў працэсах спякання крэмнію і вугляроду з нанадабаўкамі, якія дазваляюць фарміраваць аблегчаныя канструкцыйныя элементы з кампазіта на аснове карбідакрэмніевай керамікі з унікальнымі механічнымі і цеплафізічнымі ўласцівасцямі (паслойная тоеснасць каэфіцыентаў тэрмічнага лінейнага пашырэння і тэрмадэфармацыі). Дадзены вынік накіраваны на стварэнне астранамічных люстэркаў вялікага памеру для выкарыстання ў касмічнай прасторы.
5. Супрацоўнікамі ДНВА “НПЦ НАН Беларусі па матэрыялазнаўстве” сумесна з фізікамі выяўлена стымуляванае і лазернае выпраменьванне ў шматкампанентных прамазонных паўправадніках і ўстаноўлены механізм выпраменьвальнай рэкамбінацыі, якая прыводзіць да іх узнікнення ў плёначных структурах, прызначаных для стварэння сонечных элементаў новага пакалення.
6. Вучонымі з Інстытута фізіка-арганічнай хіміі НАН Беларусі сінтэзаваны мадыфікаваныя дэйтэрыем аміна-, нуклеінавыя і поліненасычаныя тлустыя кіслоты, якія валодаюць эфектам значнага запаволення біяхімічных рэакцый, якія выклікаюць розныя паталогіі. Эфект рэалізуецца пры замене атамаў вадароду на дэйтэрый у пэўных месцах біямалекул, якія праяўляюць няўстойлівасць да акіслення. Атрыманыя злучэнні перспектыўныя для стварэння новага пакалення лекавых сродкаў.
7. Калектывам вучоных Інстытута біяфізікі і клетачнай інжынерыі НАН Беларусі і Інстытута фізіялогіі НАН Беларусі атрыманы прынцыпова важныя вынікі для прафілактыкі і лячэння парушэнняў метабалізму і нейрадэструктыўных паталогій, уключаючы генетычную мадыфікацыю з дапамогай дэндрамераў клетак нервовай тканкі з мэтай звышпрадукцыі ў іх нейратрофнага фактару, стымулюючага аднаўленне перыферычнага нерва, і выкарыстання рэкамбінантнага лактаферыну чалавека. Атрыманы вынік паказвае шляхі вырашэння найскладанейшай праблемы рэгенерацыі нервовых клетак.
8. Вучонымі Інстытута мікрабіялогіі НАН Беларусі ўпершыню знойдзены хімічныя злучэнні - мадулятары (ізапрапанол, этанол, халін хларыд), якія значна паскараюць выпрацоўку мікраарганізмамі фермента глюказааксідазы, што служыць асновай для стварэння эфектыўнага тэрмастабільнага прэпарата з павышанай каталітычнай актыўнасцю, які выкарыстоўваецца ў прыладах біяэлектронікі.
9. Супрацоўнікамі Інстытута гісторыі НАН Беларусі адкрыты і вывучаны археалагічны комплекс: Кардон Віцебскага Падзвіння - унікальны для Усходняй Еўропы помнік эпохі вікінгаў (VIII-X стст.). Матэрыялы комплекса даказваюць удзел варагаў у развіцці гандлёва-эканамічнага патэнцыялу рэгіёна, раскрываюць яго шырокія міжнародныя сувязі і вядучую ролю ў фарміраванні дняпроўска-лавацкага адрэзка шляху “з варагаў у грэкі” на ранняй стадыі (IX - сярэдзіна X стст.) утварэння дзяржаўных структур ва ўсходніх славян.
10. Вучонымі НПЦ НАН Беларусі па земляробстве распрацавана і апрабавана ўнікальная тэхналогія атрымання регенерантаў in vitro з пылавікоў жыта - сельскагаспадарчай культуры, якая цяжка паддаецца рэгенерацыі на штучным пажыўным асяроддзі. Стварэнне падвоеных гаплоідаў (DH-ліній) дазваляе ўдвая скараціць тэрміны атрымання гомазіготных форм жыта як бацькоўскіх кампанентаў і паскорыць селекцыю.