Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

21.01.2017

У прэс-цэнтры БЕЛТА адбылася прэс-канферэнцыя на тэму: “Развіццё касмічных тэхналогій у Беларусі”

20.01.2017 года ў прэс-цэнтры БЕЛТА адбылася прэс-канферэнцыя на тэму: “Развіццё касмічных тэхналогій у Беларусі”. Аб дасягненнях і перспектывах развіцця касмічных тэхналогій у Беларусі расказаў журналістам дырэктар навукова-інжынернага рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства “Геаінфармацыйныя сістэмы” Нацыянальнай акадэміі навук Сяргей Залатой.

У апошнія гады ў Беларусі актыўна развіваюцца касмічныя даследаванні. Створана сістэма дыстанцыйнага зандзіравання Зямлі, касмічная інфармацыя з першага беларускага спадарожніка выкарыстоўваецца 11 міністэрствамі. Нацыянальная акадэмія навук працуе над стварэннем новага Беларускага касмічнага апарата дыстанцыйнага зандзіравання Зямлі высокага дазволу - БКА-2. Як адзначыў Сяргей Залатой, Міжнародны касмічны кангрэс прапануецца правесці ў Беларусі ў 2018 годзе. “Правесці Міжнародны касмічны кангрэс у Беларусі - гэта ініцыятыва нашых касманаўтаў. Наша краіна гатова даць пляцоўку для правядзення гэтага мерапрыемства ў 2018 годзе”, - сказаў ён. Ліст з прапановай правесці кангрэс падпісалі такія вядомыя касманаўты, як Уладзімір Кавалёнак, Алег Навіцкі. У 2017 годзе такі кангрэс пройдзе ў Парыжы. “Там і будзе прымацца рашэнне, дзе правесці наступны кангрэс. Мы гатовы яго правесці ў сябе, і адпаведную згоду кіраўніка дзяржавы ўжо атрымалі. Цяпер Акадэмія навук рыхтуе для Уладзіміра Кавалёнка інфармацыю пра дасягненні Беларусі ў касмічнай сферы. Ён будзе рабіць даклад на кангрэсе ў Парыжы”, - адзначыў Сяргей Залатой.

Фота БЕЛТА