Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

30.01.2017

Інстытут філасофіі НАН Беларусі правёў міжнародны навукова-практычны семінар, прымеркаваны да Дня беларускай навукі

Да Дня навукі ў Рэспубліцы Беларусь Інстытут філасофіі НАН Беларусі прымеркаваў працу міжнароднага навукова-практычнага семінара “Метадалагічныя даследаванні і развіццё навукі”.

Мерапрыемства прайшло 27 студзеня 2017 года. У ім прынялі ўдзел вучоныя-філосафы, метадолагі, логікі, эксперты ў галіне арганізацыі працы міждысцыплінарных навуковых і навукова-ўкараняльных калектываў. На парадку дня стаялі пытанні характару і тэндэнцый развіцця сучаснай трансдысцыплінарнай навукі, асаблівасцей сучаснай навуковай карціны свету, праблемы фарміравання метадалагічнай культуры даследчыкаў, аспірантаў і студэнтаў. Не засталіся па-за ўвагай і прадметныя пытанні, звязаныя з рэалізацыяй прарыўных навукова-даследчых праграм на стыку традыцыйнай тэматыкі філасофіі чалавека, яго свядомасці, грамадства і культуры і актуальнай праблематыкі сучаснага прыродазнаўства, навук аб жыцці, інжынерна-тэхнічнай творчасці.

Таксама ў семінары праз відэамост паміж Мінскам, Масквой і Усць-Каменагорскам прынялі ўдзел вышэйшыя навучальныя ўстановы Расіі, Украіны і Казахстана, экспертна-філасофскія арганізацыі гэтых краін. У ходзе маста была праведзена прэзентацыя Міжнароднага цэнтра метадалагічных даследаванняў і інавацыйных праграм, створанага пры ўдзеле казахстанскіх калег. Адбылося абмеркаванне вызначанай праграмы супрацоўніцтва па прасоўванні сучасных філасофска-метадалагічных ведаў у працэсах інавацыйнага развіцця грамадства.