Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

15.02.2017

Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь зацвердзіў рэспубліканскі план мерапрыемстваў па правядзенні ў 2017 годзе Года навукі

Пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 14.02.2017 №125 зацверджаны рэспубліканскі план мерапрыемстваў па правядзенні ў 2017 годзе Года навукі.

План - своеасаблівая “дарожная карта” максімальнага ўключэння навуковай сферы, як найважнейшай рухаючай сілы сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны, у забеспячэнне канкурэнтаздольнасці Рэспублікі Беларусь на сусветным рынку.

План носіць комплексны характар, утрымлівае мерапрыемствы, накіраваныя на ўдасканаленне нарматыўнага прававога і навукова-метадычнага забеспячэння навукі; асвятленне ў сродках масавай інфармацыі дасягненняў беларускай навукі; выдавецкую дзейнасць вучоных, навукова-практычныя мерапрыемствы (канферэнцыі, семінары, круглыя сталы і інш.) і г.д.

Асаблівая ўвага нададзена падтрымцы творчай актыўнасці моладзі, выяўленню таленавітых і адораных маладых вучоных, якія валодаюць лідарскімі якасцямі, патрыятычнаму выхаванню маладога пакалення навуковых работнікаў, фарміраванню кадравага рэзерву, працы з маладымі спецыялістамі, а таксама падрыхтоўцы навуковых работнікаў вышэйшай кваліфікацыі.

Асноўны акцэнт зроблены на арганізацыю інавацыйнай дзейнасці ў галіне навукі і міжнароднае супрацоўніцтва.

План закранае ўсе аспекты ўзаемадзеяння навукі з грамадствам і галінамі эканомікі. Мерапрыемствы Плана накіраваны на забеспячэнне важкага ўкладу навукі ў сацыяльна-эканамічнае развіццё краіны, у тым ліку і на перспектыву.

Адказнай за каардынацыю работы па выкананні рэспубліканскага плана прызначана Нацыянальная акадэмія навук Беларусі.

Рэспубліканскім органам дзяржаўнага кіравання і іншым дзяржаўным арганізацыям, падпарадкаваным Ураду Рэспублікі Беларусь, аблвыканкамам і Мінскаму гарвыканкаму даручана прадстаўляць у Нацыянальную акадэмію навук Беларусі інфармацыю аб ходзе выканання рэспубліканскага плана за першае паўгоддзе - да 10 ліпеня 2017 года, за год - да 10 студзеня 2018 г .

Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі даручана інфармаваць Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь аб ходзе выканання мерапрыемстваў, уключаных у рэспубліканскі план, адпаведна да 25 ліпеня 2017 г. i да 25 студзеня 2018 г.

Фінансаванне мерапрыемстваў рэспубліканскага плана будзе ажыццяўляцца за кошт сродкаў, прадугледжаных у рэспубліканскім і мясцовых бюджэтах на 2017 год, уласных сродкаў арганізацый і іншых крыніц.