15 лютага ў НАН Беларусі адбылася нарада па пытаннях касмічнай дзейнасці. У яе рабоце прынялі ўдзел прадстаўнікі Агенцтва па касмічных даследаваннях НАН Беларусі, УП “Геаінфармацыйныя сістэмы”, Аб’яднанага інстытута праблем інфарматыкі НАН Беларусі, Інстытута цепла- і масаабмену імя А.В.Лыкава НАН Беларусі, Інстытута фізікі імя Б.І. Сцяпанава, Інстытута матэматыкі, рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства “Навукова-вытворчы цэнтр шматфункцыянальных беспілотных комплексаў” НАН Беларусі. Былі разгледжаны мерапрыемствы Агенцтва па касмічных даследаваннях у 2017 годзе па рэалізацыі ўскладзеных задач і функцый у галіне касмічнай дзейнасці ў маштабах НАН Беларусі на рэспубліканскім, міждзяржаўным і міжнародным узроўнях; структура і змест падпраграмы 7 “Даследаванне і выкарыстанне касмічнай прасторы ў мірных мэтах” Дзяржаўнай праграмы “Навукаёмістыя тэхналогіі і тэхніка на 2016-2020 гады”, падрыхтоўка да выдання беларускай часткі кнігі з рабочай назвай “Саюзная дзяржава. Супрацоўніцтва Расіі і Беларусі ў космасе”. Была заслухана інфармацыя аб стварэнні і развіцці шматузроўневай Беларускай касмічнай сістэмы дыстанцыйнага зандзіравання Зямлі з выкарыстаннем касмічных, авіяцыйных і наземных сродкаў дыстанцыйнага зандзіравання Зямлі і тэхналогій іх прымянення, эксплуатацыі Беларускай касмічнай сістэмы дыстанцыйнага зандзіравання Зямлі, у тым ліку правядзенню работ па прадаўжэнні рэсурсу дзеючага прыёмнага наземнага комплексу.
Падрабязна абмеркаваны пытанні ходу выканання праграмы Саюзнай дзяржавы па касмічнай тэматыцы “Маніторынг – СД”; праграмы Саюзнай дзяржавы па касмічнай тэматыцы “Тэхналогія – СД”, падрыхтоўка да правядзення ў 2017 годзе VII Беларускага касмічнага кангрэса.
Асаблівая ўвага была ўдзелена пытанням стварэння і запуску новага Беларускага касмічнага апарата (БКА), уключаючы неабходную мадэрнізацыю наземнай інфраструктуры. Як падкрэсліў, выступаючы на нарадзе, дырэктар УП “Геаінфармацыйныя сістэмы” НАН Беларусі, галоўны канструктар Беларускай касмічнай сістэмы дыстанцыйнага зандзіравання Зямлі Сяргей Залатой: “Новы касмічны апарат, валодаючы ўнікальнымі магчымасцямі, будзе накіраваны на рашэнне многіх задач у інтарэсах заказчыкаў як унутры краіны, так і за яе межамі”.