Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

07.03.2017

Віншаванне Старшыні Прэзідыума НАН Беларусі У.Р. Гусакова з Днём жанчын

Дарагія жанчыны!
Паважаныя калегі!

Ад імя Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі і ад сябе асабіста віншую вас са слаўным вясновым святам - Днём жанчын!

Гэтае цудоўнае свята і не магло быць у другую пару. Усё самае светлае, лепшае мы звязваем з абуджэннем новага жыцця, новай сілы і новай надзеі. Гэты дзень - яшчэ адна нагода задумацца аб высокай ролі жанчыны ў нашым грамадстве.

Мы, мужчыны, памятаем пра ваш неацэнны ўклад у развіццё нашай краіны і айчыннай навукі. Без жанчын наша Акадэмія навук не была б такой, якой яна ёсць сёння. Бо прадстаўніцы прыгожага полу ў НАН Беларусі складаюць больш за 47%. Ёсць навуковыя калектывы, дзе жанчыны складаюць большасць. І гэтыя арганізацыі паказваюць прыклад, як нават у наш няпросты час можна паспяхова спраўляцца з пастаўленымі задачамі. Нездарма кажуць - часам жаночая здагадка валодае большай дакладнасцю, чым мужчынская ўпэўненасць, у тым ліку і ў справе пошуку інавацыйных рашэнняў. Дазволю сабе крыху перафразаваць “жалезную лэдзі” Маргарэт Тэтчэр: “Любая жанчына, якая разумее праблемы, што ўзнікаюць пры кіраванні домам, можа зразумець праблемы, якія ўзнікаюць пры кіраванні краінай”, ну а ў нашым выпадку - навуковай сферай.

Бягучы 2017 год аб’яўлены ў краіне Годам навукі. Мы спадзяёмся, што супрацоўніцы НАН Беларусі сваімі ідэямі, нястомнай працай даб’юцца новых значных вынікаў на карысць развіцця айчыннай эканомікі.

Няхай у гэты дзень парадуе вас увага блізкіх і калег, якія падораць вам стымул творчасці і развіцця. Няхай вам спадарожнічаюць удача і радасць адкрыццяў, а добры настрой і бадзёрасць духу не пакідаюць ніколі.

Любіце і будзьце любімымі! Здароўя, шчасця, дабрабыту і маладосці душы вам, мілыя жанчыны!

Уладзімір Гусакоў,
Старшыня Прэзідыума НАН Беларусі, акадэмік