Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

13.03.2017

Цэнтр кліматычных даследаванняў створаны ў НАН Беларусі

Цэнтр кліматычных даследаванняў створаны ў НАН Беларусі. Такое рашэнне прынята 10 сакавіка 2017 года на пасяджэнні Бюро Прэзідыума НАН Беларусі.

Новая структура, якая ствараецца ў складзе Інстытута прыродакарыстання Акадэміі навук, будзе займацца правядзеннем навуковых даследаванняў па цэлым шэрагу важных напрамкаў. Сярод іх - даследаванне глабальнага і рэгіянальнага клімату і яго змяненняў пад уплывам натуральных і антрапагенных фактараў, навуковае забеспячэнне міжнародных абавязацельстваў у галіне кліматалогіі, распрацоўка фізічных асноў звышдоўгатэрміновых прагнозаў надвор’я і прагнозаў (сцэнарыяў) змены клімату, уключаючы прагноз экстрэмальных кліматычных з’яў (засух, паводак, суровых і цёплых зім і інш.).

Як было адзначана на пасяджэнні Бюро Прэзідыума, у цяперашні час гаспадаркі рэспублікі штогод нясуць значны ўрон з-за неспрыяльных умоў надвор’я і кліматычных змен. Таму адным з галоўных напрамкаў Цэнтра кліматычных даследаванняў стане ацэнка ўплыву змены клімату на кліматычна залежныя галіны эканомікі і распрацоўка рэкамендацый па іх адаптацыі. “Сёння вучоныя павінны праводзіць глыбокія навуковыя даследаванні ў галіне кліматалогіі ў кантэксце найважнейшых сусветных дасягненняў і даследаванняў, каб аператыўна выпрацоўваць рэкамендацыі для розных галін эканомікі краіны”, - падкрэсліў Старшыня Прэзідыума НАН Беларусі Уладзімір Гусакоў.

Сярод напрамкаў дзейнасці цэнтра, які будзе працаваць у цесным супрацоўніцтве з навуковымі арганізацыямі і цэнтрамі НАН Беларусі, - распрацоўка даведачных дапаможнікаў і нарматыўных дакументаў у галіне сельскагаспадарчай і будаўнічай кліматалогіі рэкрэацыі, турызму, а таксама па ахове атмасфернага паветра ад забруджванняў (сумесна з рэспубліканскімі органамі дзяржаўнага кіравання). Сумесна з Рэспубліканскім цэнтрам палярных даследаванняў будуць праводзіцца даследаванні змяненняў у атмасферы, гідрасферы, крыясферы і біясферы палярных шырот Усходняй Антарктыды для ўдасканалення існуючых мадэлей глабальных і рэгіянальных змяненняў.

Навуковым кіраўніком Цэнтра кліматычных даследаванняў стаў вядомы кліматолаг, галоўны навуковы супрацоўнік Інстытута прыродакарыстання НАН Беларусі, акадэмік Уладзімір Логінаў.