Прадстаўнікі інстытутаў і практычных цэнтраў НАН Беларусі расказалі пра ўклад арганізацый у развіццё аграрнага комплексу рэспублікі.
Дырэктар Інстытута аховы раслін Сяргей Сарока адзначыў, што 30% ураджаю сельгаскультур захоўваецца толькі дзякуючы мерапрыемствам па ахове раслін. Прычым у цяперашні час каля 40-50% прэпаратаў, якія прымяняюцца для аховы, - айчыннай вытворчасці.
Дырэктар Інстытута глебазнаўства і аграхіміі Віталій Лапа расказаў аб распрацоўцы інстытутам 69 новых форм комплексных угнаенняў практычна для ўсіх відаў сельскагаспадарчых культур, якія вырошчваюцца ў Беларусі. Вытворчасць дадзеных угнаенняў асвоена на Гомельскім хімічным заводзе. У інстытуце робяць акцэнт не толькі на распрацоўку новых угнаенняў, але і на практычнае ўкараненне аптымальных методык іх прымянення. “Каб забяспечыць урадлівасць глеб, мы распрацавалі не толькі новыя формы комплексных угнаенняў, але і методыку іх прымянення. Сёння па нашай методыцы для ўсіх гаспадарак распрацоўваюцца планы прымянення ўгнаенняў, дзе разлічваецца доза па кожным полі і кожнай культуры”, - дадаў ён. Віталій Лапа адзначыў станоўчую дынаміку змены ўрадлівасці глеб у Беларусі. Гэтага ўдалося дамагчыся дзякуючы правільнаму і абгрунтаванаму прымяненню ўгнаенняў і іх дазіраванню, якое разлічваецца ў залежнасці ад утрымання элементаў у глебе, узроўню планаванай ураджайнасці, біялагічных асаблівасцей вырошчваемых культур.
Намеснік генеральнага дырэктара НПЦ па земляробстве Дзмітрый Лужынскі расказаў аб распрацоўцы беларускімі вучонымі лінейкі высокапрадукцыйных сартоў сельскагаспадарчых культур, якія дазваляюць максімальна выкарыстоўваць патэнцыял глеб і клімату Беларусі, атрымліваць максімальна магчымы ўраджай з адзінкі плошчы. Дадзеныя сарты паспяхова канкурыруюць з замежнымі па ўстойлівасці да неспрыяльных фактараў пры зімоўцы. Так, у гэтым годзе 99% азімага рапсу ў Беларусі паспяхова перазімавалі. “Упершыню за тры гады ў нас ёсць магчымасць поўнасцю забяспечыць Беларусь рапсам для прамысловасці і кормавытворчасці”, - сказаў Дзмітрый Лужынскі. Таксама распрацаваны серыі сартоў збожжавых культур, якія могуць забяспечваць нават на сярэднепладародных глебах да 6-7 т збожжа з гектара.
Генеральны дырэктар НПЦ па бульбаводстве і плодаагародніцтве Сяргей Турко расказаў аб стварэнні за 2011-2016 гады 13 новых сартоў бульбы, 29 сартоў пладовых і ягадных культур, 23 сартоў і гібрыдаў агароднінных культур.