Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

05.04.2017

6 красавіка 2017 года адбудзецца адкрытая лекцыя акадэміка РАН і АН Рэспублікі Татарстан Ігара Тарчэўскага на тэму “Малекулярная вайна раслін і мікраарганізмаў”

6 красавіка 2017 года ў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі ў рамках правядзення Года навукі і XXVI Годнеўскіх чытанняў адбудзецца адкрытая лекцыя, на якой выступіць акадэмік Расійскай акадэміі навук і Акадэміі навук Рэспублікі Татарстан, доктар біялагічных навук, прафесар ФГБУН “Казанскі інстытут біяхіміі і біяфізікі” Казанскага навуковага цэнтра РАН (Расія) Тарчэўскі Ігар Анатольевіч. Тэма лекцыі “Малекулярная вайна раслін і мікраарганізмаў”.

Арганізатарамі лекцыі выступаюць Нацыянальная акадэмія навук Беларусі, Аддзяленне біялагічных навук НАН Беларусі, ДНУ “Інстытут біяфізікі і клетачнай інжынерыі НАН Беларусі” і Беларускае грамадскае аб’яднанне фотабіёлагаў і біяфізікаў.

Лекцыя адбудзецца 6 красавіка 2017 г. у 15:00 па адрасе: вул. Акадэмічная, 1 актавая зала (4-ы паверх).

І.А. Тарчэўскі - вядомы расійскі вучоны ў галіне фізіялогіі і біяхіміі раслін. Ён высунуў і абгрунтаваў канцэпцыю неспецыфічных змяненняў фотасінтэтычнага метабалізму вугляроду пры стрэсе. У цяперашні час пад яго кіраўніцтвам праводзяцца даследаванні асаблівасцей функцыянавання асноўных сігнальных сістэм клетак раслін, якія адказваюць за адаптацыю раслін да неспрыяльных кліматычных умоў і фарміраванне імунітэту да патагенаў.

У сваім дакладзе Тарчэўскі І.А. прадставіць даныя пра тое, што ў апошнія гады рассакрэчваюцца ўсё больш інтымныя малекулярныя механізмы аховы раслін ад патагенных мікраарганізмаў. Гэта звязана з удасканаленнем метадаў даследавання і шырокім выкарыстаннем мутантных і трансгенных раслін. Назапашваецца ўсё больш інфармацыі пра тое, як клеткі раслін ўспрымаюць сігналы аб нападзе патагенных мікраарганізмаў і як гэтыя сігналы выклікаюць змяненне праграмы экспрэсіі генаў, што прыводзіць да сінтэзу антыпатагенных бялкоў і бялкоў, якія павышаюць устойлівасць саміх клетак раслін. Адным з ключавых фактараў фітаімунітэту з’яўляецца саліцылавая кіслата. Яе ўтрыманне хутка і значна павышаецца пры інфіцыраванні раслін, што прыводзіць да “ўключэння” саліцылатнай сігналізацыі і рэалізацыі абарончай стратэгіі раслін, а менавіта, у перадачы сігналаў аб нападзе ў ядро клеткі, у актывацыі экспрэсіі ахоўных генаў, ва ўтварэнні ахоўных бялкоў і іх транспарце ў розныя структуры клеткі, а таксама за яе межы для падаўлення развіцця патагенаў, якія атакуюць. У адказ патагенныя мікраарганізмы перапраўляюць у клеткі раслін “малекулярных дыверсантаў”, кожны з якіх здольны знаходзіць і нейтралізаваць “свае” малекулярныя мішэні раслін, ад якіх залежыць фарміраванне імунітэту.

Лекцыя Тарчэўскага І.А. адрасавана вучоным, спецыялістам, аспірантам, магістрантам, студэнтам і школьнікам.