Лейтматывам канферэнцыі стала ідэя стварэння Беларускага філасофскага таварыства - грамадскай арганізацыі, якая аб’яднае інтарэсы вучоных-даследчыкаў, выкладчыкаў, аспірантаў і магістрантаў, якія вывучаюць філасофію, а таксама ўсіх тых, хто гатовы ўнесці свой уклад у развіццё філасофскіх ведаў і павышэнне іх статусу ў сацыякультурнай прасторы Беларусі. Беларускае філасофскае таварыства павінна стаць пляцоўкай міждысцыплінарнай дыскусіі, правядзення навуковых форумаў, выдання кніг, выканання даследчых праектаў; будзе прадстаўляць філасофскую супольнасць Беларусі сярод аб’яднанняў філосафаў іншых краін.
Дадзеная ініцыятыва атрымала адабрэнне як ад кіраўніцтва НАН Беларусі, так і з боку аўтарытэтных гасцей канферэнцыі - кіраўніцтва факультэта філасофіі і сацыяльных навук БДУ, прарэктараў і загадчыкаў кафедрамі айчынных ВНУ. Удзельнікі канферэнцыі аднагалосна падтрымалі рашэнне аб заснаванні і дзяржаўнай рэгістрацыі Рэспубліканскага грамадскага аб’яднання “Беларускае філасофскае таварыства”, зацвердзілі яго статут і абралі прэзідыум, у які ўвайшлі дэлегаты ад НАН Беларусі, сістэмы адукацыі, грамадскасці і дзелавых колаў. Узначаліць таварыства вядомы беларускі філосаф, акадэмік НАН Беларусі Я.М. Бабосаў.