Перад мерапрыемствам Аляксандр Лукашэнка грунтоўна азнаёміўся з выставай навуковых і навукова-тэхнічных дасягненняў, якая была прадстаўлена ў холе Нацыянальнай акадэміі навук. Асаблівую ўвагу Прэзідэнт звярнуў на новаўвядзенні ў сферы энергетыкі, прамысловасці, касмічных тэхналогій, біятэхналогій, а таксама пацікавіўся эфектыўнасцю ўкаранення распрацовак на практыцы. Свае найноўшыя распрацоўкі на выставе прадставілі каля 40 арганізацый па такіх тэматычных напрамках, як прамысловыя тэхналогіі, энергетыка; інфармацыйныя, касмічныя тэхналогіі; адытыўныя тэхналогіі, нанаіндустрыя; абараназдольнасць і бяспека; біятэхналогіі, медыцына, фармацыя. Усяго экспазіцыя ўключала каля 150 экспанатаў.
На нарадзе з удзелам Кіраўніка дзяржавы абмяркоўвалася будучая форма і сістэма функцыянавання навукі ў краіне. Аляксандр Лукашэнка абазначыў шэраг праблемных пытанняў для далейшай прапрацоўкі з вучонымі: структура навуковай сферы, навукаёмістасць валавога ўнутранага прадукту, пытанні фінансавання навуковых распрацовак, прыцягнення вучоных да вырашэння найважнейшых дзяржаўных задач, шэраг іншых пытанняў функцыянавання навуковай сферы краіны.
Падводзячы вынікі нарады, Кіраўнік дзяржавы ўстрымаўся ад пастаноўкі перад вучонымі стратэгічных задач, і прапанаваў узяць паўзу да верасня. Да гэтага часу сітуацыя будзе ўважліва прааналізавана з улікам усіх агучаных на сённяшняй сустрэчы прапаноў.