Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

06.05.2017

У НАН Беларусі пройдзе Сумесны беларуска-егіпецкі семінар па навукова-тэхнічным супрацоўніцтве

11 мая 2017 года (чацвер) у 10.00 у НАН Беларусі (пр. Незалежнасці, 66, 2 паверх, аўд. 216) адбудзецца адкрыццё сумеснага беларуска-егіпецкага семінара па навукова-тэхнічным супрацоўніцтве. Для ўдзелу ў форуме ў Мінск прыбывае прадстаўнічая дэлегацыя егіпецкіх навуковых колаў на чале з Прэзідэнтам Егіпецкай акадэміі навуковых даследаванняў і тэхналогій д-рам Махмудам Махамедам Сакрам (Mahmud Mohamed Sakr). У складзе дэлегацыі вучоных прадстаўнікі такіх буйных навуковых цэнтраў, як Навукаград Зевайлы, Нацыянальны навукова-даследчы цэнтр, Цэнтральны металургічны навукова-даследчы інстытут, Сельскагаспадарчы навукова-даследчы цэнтр, Міністэрства навуковых даследаванняў.

Сумесны беларуска-егіпецкі семінар па навукова-тэхнічным супрацоўніцтве (рабочая мова - англійская) праводзіцца ў адпаведнасці з Пратаколам даручэнняў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Лукашэнкі А.Р., дадзеных па выніках афіцыйнага візіту ў Арабскую Рэспубліку Егіпет ад 9 лютага 2017 г. №3; рэспубліканскім планам мерапрыемстваў па правядзенні ў 2017 годзе Года навукі, зацверджаным пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 14 лютага 2017 г. №125.

У ходзе мерапрыемства плануецца разгледзець шырокі спектр перспектыўных напрамкаў беларуска-егіпецкага супрацоўніцтва ў галіне навукі і тэхнікі, а таксама механізмы іх рэалізацыі. Плануецца, што члены дэлегацыі навуковых колаў Арабскай Рэспублікі Егіпет наведаюць РУП “НПЦ НАН Беларусі па жывёлагадоўлі”, РУП “НПЦ НАН Беларусі па земляробстве”, ДНВА парашковай металургіі, ДНВА “НПЦ НАН Беларусі па матэрыялазнаўстве”, ДНУ “Фізіка-тэхнічны інстытут НАН Беларусі”, ДНУ “Інстытут хіміі новых матэрыялаў НАН Беларусі”.

16 студзеня 2017 года ў ходзе візіту Прэзідэнта Рэспублікі Беларусі А.Р. Лукашэнкі ў Егіпет падпісана Пагадненне аб навукова-тэхнічным супрацоўніцтве паміж НАН Беларусі і Егіпецкай акадэміяй навуковых даследаванняў і тэхналогій (ASRT). Дакумент падпісалі Старшыня Прэзідыума НАН Беларусі Уладзімір Гусакоў і д-р Махмуд Сакр, Прэзідэнт Егіпецкай акадэміі навуковых даследаванняў і тэхналогій. Пагадненне прадугледжвае актывізацыю супрацоўніцтва паміж навуковымі ўстановамі для вырашэння навуковых пытанняў, якія ўяўляюць узаемную цікавасць.

Падыход да прэсы - 09:45