Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

03.05.2017

Часопіс “Навука і інавацыі” запрашае на адукацыйныя мерапрыемствы, прысвечаныя папулярызацыі навуковых даследаванняў

5-6 мая 2017 года часопіс “Навука і інавацыі” правядзе два адукацыйныя мерапрыемствы, прысвечаныя папулярызацыі вынікаў дзейнасці навуковых арганізацый.

У рамках XXI Міжнароднай спецыялізаванай выставы “СМІ ў Беларусі” 5 мая 2017 г. у 14.00 па адрасе г. Мінск, пр.Пераможцаў, 14 пройдзе баркэмп “Фармат навуковага піяру”. У ходзе мерапрыемства будуць абмяркоўвацца наступныя пытанні: фарматы і прынцыпы навуковых камунікацый; альтэрнатыва для СМІ: прамы кантакт з вучоным або апасродкаваны - праз прэс-службу; аспекты навуковых камунікацый - новая рэальнасць (абмен вопытам). У якасці практычнага складніка работы баркэмпа прапануецца вызначыць самыя важкія аргументы, чаму НДІ або ВНУ патрэбен у штаце навуковы камунікатар, і данесці іх да асоб, якія прымаюць рашэнні.

З мэтай устанаўлення кантактаў, абмену вопытам і лепшымі практыкамі, ведамі на мерапрыемства запрашаюцца журналісты, якія працуюць з вучонымі, прадстаўнікі прэс-службаў, кантэнт-менеджары сайтаў навуковых інстытутаў, ВНУ, рэдактары навуковых сайтаў і асобных праектаў, маладыя навукоўцы. Форма ўдзелу - у якасці выступоўцы з прэзентацыяй сваёй ідэі, праекта, ініцыятывы (3-5 хвілін) або слухача.

Госць баркэмпа - Дзмітрый Малькоў, дырэктар Цэнтра навуковай камунікацыі Дэпартамента па стратэгічных камунікацыях Санкт-Пецярбургскага нацыянальнага даследчага ўніверсітэта інфармацыйных тэхналогій, механікі і оптыкі.

Для ўдзелу ў баркэмпе неабходна зарэгістравацца ТУТ да 3 мая 2017 г. або па тэлефоне 284-16-12.

6 мая 2017 г. у 10.00 па адрасе: г. Мінск, вул. Акадэмічная, 1, пак.223 (Інстытут гісторыі НАН Беларусі) часопіс “Навука і інавацыі” запрашае на навукова-практычны семінар “Прасоўванне навукова-даследчай дзейнасці ў ВНУ або навуковым інстытуце праз працу са СМІ і іншыя неакадэмічныя каналы”.

З дакладам выступіць Дзмітрый Малькоў, дырэктар Цэнтра навуковай камунікацыі Дэпартамента па стратэгічных камунікацыях Санкт-Пецярбургскага нацыянальнага даследчага ўніверсітэта інфармацыйных тэхналогій, механікі і оптыкі.

Уваход свабодны.