Дырэктар Інстытута хіміі новых матэрыялаў, акадэмік НАН Беларусі Уладзімір Агабекаў расказаў аб распрацоўках інстытута. ІХНМ з’яўляецца распрацоўшчыкам новых відаў супалімераў. Непасрэдным прадуктам гэтай распрацоўкі стала вогнеўстойлівае валакно Арселон, якое вырабляецца на ААТ «СветлагорскХімвалакно». Акрамя Беларусі яго вырабляюць толькі ў дзвюх краінах - ЗША і Францыі.
Сярод іншых актуальных распрацовак інстытута, якія ўкараніліся ў вытворчасці - флюарэсцэнтныя фарбавальнікі. Гэтыя матэрыялы выкарыстоўваюцца на Мінскай фабрыцы каляровага друку, прадпрыемстве «Крыптатэх» для фарміравання малюнкаў. Такія фарбавальнікі знайшлі сваё прымяненне ў вытворчасці каштоўных папер, праязных білетаў і інш.
Таксама Уладзімір Агабекаў адзначыў, што ІХНМ удзельнічае ў праграме “Лесахімія”, што праводзіцца ў краіне ўжо другі год, за якую адказная НАН Беларусі. ІХНМ забяспечвае навуковае суправаджэнне перапрацоўкі лігніну - прыроднага палімера, які разам з цэлюлозай, геміцэлюлозай змяшчаецца ў расліннай тканцы. "Мы прапанавалі комплексную перапрацоўку цяжкіх нафтавых рэшткаў і лесахімічнай сыравіны", - адзначыў У. Агабекаў.
Навуковыя напрацоўкі ІХНМ плануецца ўкараняць, у прыватнасці, на Заводзе беленай цэлюлозы, які рыхтуецца да запуску ў гэтым годзе пад Светлагорскам.
Намеснік дырэктара па навуковай і інавацыйнай рабоце Інстытута фізіка-арганічнай хіміі НАН Беларусі Таццяна Невар адзначыла, што па заказе Міністэрства энергетыкі Інстытут фізіка-арганічнай хіміі НАН Беларусі распрацоўвае матэрыялы для ачысткі вады і паветра, іёнаабменныя валакністыя матэрыялы для водападрыхтоўкі ФІБАН. Сярод яркіх распрацовак інстытута - кардыятропны лекавы сродак Інакардын, які можа замяніць прызнаны допінгам мілдранат.
На сустрэчы таксама абмяркоўваліся перспектывы ўсёй галіны. Дырэктар Інстытута хіміі новых матэрыялаў НАН Беларусі акадэмік Уладзімір Агабекаў бачыць развіццё хіміі ў нашай краіне ў стварэнні малатанажных вытворчасцей поўнага цыклу, што дасць магчымасць дасягаць лепшых вынікаў, пазбягаючы залежнасці ад знешніх фактараў.