Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

24.05.2017

Нацыянальная акадэмія навук Беларусі і Акадэмія навук Манголіі падпісалі пагадненне аб супрацоўніцтве

24 мая 2017 года адбылося падпісанне Пагаднення аб навуковым супрацоўніцтве паміж акадэміямі навук Беларусі і Манголіі. У падпісанні пагаднення прынялі ўдзел з боку НАН Беларусі - Старшыня Прэзідыума НАН Беларусі Уладзімір Рыгоравіч Гусакоў, з боку Акадэміі навук Манголіі - Прэзідэнт акадэміі Дугэр Рэгдэл.

Пагадненне прадугледжвае пашырэнне і развіццё ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва паміж навуковымі ўстановамі бакоў, абмен вучонымі і спецыялістамі, прамое супрацоўніцтва паміж інстытутамі, удзел у міжнародных форумах, абмен навуковай інфармацыяй і іншыя формы супрацоўніцтва.

Перад падпісаннем пагаднення Уладзімір Гусакоў адзначыў, што Акадэмія навук Манголіі блізкая нашай акадэміі, так як была выбудавана па падобнай структуры. Таксама У. Гусакоў адзначыў, што Манголія сёння - гэта краіна, якая хутка развіваецца і імкнецца наладжваць шырокія міжнародныя сувязі, у тым ліку ў галіне навукі і тэхналогій. Старшыня Прэзідыума адзначыў, што шэраг інстытутаў НАН Беларусі ўжо выконваюць сумесныя праекты з мангольскім бокам. Таму падпісанне пагаднення сёння заклікана паспрыяць пашырэнню далейшага супрацоўніцтва паміж дзвюма акадэміямі.

Дугэр Рэгдэл асабліва падкрэсліў, што візіт у Мінск для яго стаў першым міжнародным візітам пасля абрання яго на пасаду Прэзідэнта акадэміі. Д. Рэгдэл расказаў пра гісторыю і структуры Акадэміі навук Манголіі. Акадэмія навук Манголіі была створана ў 1921 годзе, як Вучоны камітэт Манголіі. Як акадэмія навук краіны яна сфарміравалася ў 1961 годзе. На сённяшні дзень у акадэміі 10 навукова-даследчых інстытутаў (6 – прыродазнаўчыя навукі, 4 - грамадскія і гуманітарныя навукі). У акадэміі працуе каля 900 навуковых супрацоўнікаў. Прэзідэнт Акадэміі навук Манголіі адзначыў, што дэлегацыя ўжо паспела азнаёміцца з працай шэрагу арганізацый НАН Беларусі і была асабліва ўражаная вопытам перадачы ведаў і навуковых дасягненняў для практычнага прымянення ў вытворчасці.

Візіт дэлегацыі ў Мінск працягнецца да 25 мая 2017 года.