Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

22.05.2017

У НАН Беларусі адкрыўся Беларуска-кітайскі навукова-тэхнічны форум - 2017

22 мая 2017 года ў НАН Беларусі праходзіць Беларуска-кітайскі навукова-тэхнічны форум - 2017. Арганізатары - НАН Беларусі, Народны ўрад г. Харбіна, ДКНТ, Упраўленне па навуцы і тэхналогіях г. Харбіна, Рэспубліканскі цэнтр трансферу тэхналогій, Акадэмія навук правінцыі Хэйлунцзян. Мерапрыемства арганізавана ў рамках “Выязной Харбінскай міжнароднай выставы навукова-тэхнічных дасягненняў КНР у г. Мінску” (21 - 26 мая 2017 г.). На форуме разглядаюцца перспектыўныя напрамкі і механізмы развіцця беларуска-кітайскага навукова-тэхнічнага супрацоўніцтва ў рамках рэалізацыі канцэпцыі “Адзін пояс, адзін шлях”. Усяго ў форуме прымае ўдзел больш за 400 вучоных, экспертаў і спецыялістаў Беларусі і Кітая.

Старшыня Прэзідыума НАН Беларусі Уладзімір Гусакоў адзначыў у прывітальным слове, што “дадзенае мерапрыемства з’яўляецца вынікам назіраемай у апошнія гады актывізацыі сумеснай дзейнасці НАН Беларусі з партнёрамі з Кітайскай Народнай Рэспублікі. На форуме мы абмяркуем шэраг найважнейшых напрамкаў і механізмаў, якія паслужаць далейшаму пашырэнню ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва паміж беларускімі і кітайскімі арганізацыямі. Мы разгледзім пытанні развіцця кааперацыі ў галіне новых матэрыялаў і тэхналогій, тэхналогій энергазберажэння, тэхналогій харчовай прамысловасці, сельскай гаспадаркі, тэхналогій будаўніцтва і іншыя. Названыя галіны беларускія і кітайскія арганізацыі вызначылі ў якасці прыярытэтных для наступнай рэалізацыі сумесных навукова-тэхнічных праектаў”. Таксама Уладзімір Гусакоў падкрэсліў, што “Беларуска-кітайскі навукова-тэхнічны форум, які праходзіць у год, аб’яўлены ў Беларусі Годам навукі, стане важным этапам развіцця навуковага і інавацыйнага супрацоўніцтва паміж Рэспублікай Беларусь і Кітайскай Народнай Рэспублікай і забяспечыць фарміраванне новых узаемавыгадных праграм і праектаў у перадавых галінах навукі і тэхналогій”.

НАН Беларусі надае асаблівае значэнне супрацоўніцтву з Кітайскай Народнай Рэспублікай - краінай з велізарным навуковым і эканамічным патэнцыялам, з якой у Рэспублікі Беларусь склаліся трывалыя стратэгічныя адносіны ва ўсіх сферах, у тым ліку і навукова-тэхнічнай. У мэтах плённага ўзаемадзеяння дзейнічае шэраг дамоўных дакументаў, падпісаных НАН Беларусі з кітайскімі партнёрамі. Створаны і паспяхова функцыянуюць сумесныя навукова-даследчыя цэнтры і цэнтры трансферу тэхналогій беларускіх і кітайскіх навуковых арганізацый.

Сёння ж, 22 мая 2017 года, адбыліся перамовы кіраўніцтва НАН Беларусі з кіраўніцтвам дэлегацыі кітайскіх партнёраў на чале з намеснікам генеральнага сакратара Народнага ўрада г. Харбіна сп. Лю Яньго.

Першы Беларуска-кітайскі навукова-тэхнічны форум адбыўся ў Мінску ў кастрычніку 2015 года. Такая форма ўзаемадзеяння беларускіх і кітайскіх партнёраў становіцца традыцыйнай. Вучоныя і спецыялісты Беларусі і Кітая на сістэмнай аснове, штогод, разглядаюць шырокі спектр пытанняў пашырэння супрацоўніцтва ў навуковай і інавацыйнай сферах. Наступны форум плануецца правесці ў г. Харбін.