Пачатак працы канферэнцыі 24 мая ў 14.00
Арганізатарамі міжнароднага форуму, прысвечанага знамянальнай даце, выступілі Нацыянальная акадэмія навук Беларусі, Цэнтральная навуковая бібліятэка імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, Расійская акадэмія навук, Цэнтр даследаванняў кніжнай культуры Федэральнай дзяржаўнай бюджэтнай установы навукі Навуковы і выдавецкі цэнтр “Навука” РАН, Навуковы савет РАН “Гісторыя сусветнай культуры”, Літоўская акадэмія навук, Бібліятэка імя Урублеўскіх Літоўскай акадэміі навук і Навукова-даследчая і асветніцкая ўстанова культуры “Нацыянальны Полацкі гісторыка-культурны музей-запаведнік”.
У рабоце канферэнцыі прымуць удзел вучоныя акадэмій навук, найбуйнейшых вышэйшых навучальных устаноў, музеяў, архіваў, бібліятэк Беларусі, Балгарыі, Латвіі, Літвы, Польшчы, Расіі, Узбекістана, Украіны, Францыі, Чэхіі. Мяркуецца абмеркаваць шырокі спектр пытанняў, звязаных з развіццём кніжнай культуры, традыцыямі пісьменства, тэкставай камунікацыяй, гісторыяй кніжных і рукапісных збораў, бытавання рэдкіх выданняў і г.д. Прадметам абмеркавання на Міжнародным навуковым семінары “Францыск Скарына - асоба, дзейнасць, спадчына, сучасныя вобразы” стануць новыя дадзеныя, якія датычацца жыцця і творчасці выдатнага асветніка Францыска Скарыны, гістарычнай памяці пра яго. У рамках работы семінара адбудзецца адкрыццё выставы “Бібліі Рускай” Францыска Скарыны – 500”, падрыхтаванай Бібліятэкай імя Урублеўскіх Літоўскай акадэміі навук.