Урачыстае адкрыццё форуму адбудзецца 15 чэрвеня 2017 года (чацвер) у 9.00 у канферэнц-зале гасцініцы “Мінск” (г. Мінск, пр. Незалежнасці, 11).
У Другім беларуска-кітайскім гуманітарным навуковым форуме “Праблемы спалучэння Эканамічнага пояса Шаўковага шляху і Еўразійскага эканамічнага саюза” прымуць удзел больш за 120 прадстаўнікоў органаў дзяржаўнага кіравання, дыпламатычнага корпусу, навукова-даследчых арганізацый і ўстаноў вышэйшай адукацыі Рэспублікі Беларусь і Кітайскай Народнай Рэспублікі.
Вучоныя і эксперты абмяркуюць механізмы забеспячэння эканамічнага росту і павышэння канкурэнтаздольнасці эканомік Беларусі і Кітая; выкарыстанне патэнцыялу Еўразійскага эканамічнага саюза ў рэалізацыі Канцэпцыі будаўніцтва Эканамічнага пояса Шаўковага шляху; перспектывы рэалізацыі інфраструктурных праектаў глабальнай ініцыятывы “Эканамічны пояс Шаўковага шляху” на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь; развіццё навукова-тэхнічнага і гуманітарнага супрацоўніцтва, транспартна-лагістычных, фінансавых і іншых відаў паслуг у рамках спалучэння праектаў ЕАЭС і Эканамічнага пояса Шаўковага шляху.
Мэта мерапрыемства – пашырэнне і паглыбленне навуковага гуманітарнага супрацоўніцтва Беларусі і Кітая, выпрацоўка комплексу метадычных і практычных мер, арыентаваных на спалучэнне інтарэсаў і патэнцыялаў Эканамічнага пояса Шаўковага шляху і Еўразійскага эканамічнага саюза. У рамках навуковага форуму плануецца дэталёвае абмеркаванне бягучага стану і перспектыў беларуска-кітайскага супрацоўніцтва ў гуманітарнай навуковай сферы, узаемных пераваг рэалізацыі сумесных праектаў у рамках ініцыятывы “Адзін пояс – адзін шлях”.