Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

21.06.2017

Калектыў беларускіх і сібірскіх вучоных стаў лаўрэатам прэміі імя акадэміка В. А. Капцюга 2017 года

Калектыў беларускіх і сібірскіх вучоных стаў лаўрэатам штогадовай прэміі імя акадэміка Валянціна Капцюга за цыкл прац “Даследаванне фундаментальных асаблівасцей лазернай генерацыі трохвалентных іонаў еўропію ў анізатронных крышталічных матрыцах падвойных малібдатаў і вальфраматаў”. Такое рашэнне прынята на пасяджэнні Прэзідыума Сібірскага аддзялення Расійскай акадэміі навук.

Сярод лаўрэатаў з беларускага боку - супрацоўнікі Інстытута фізікі імя Б.І. Сцяпанава НАН Беларусі: акадэмік НАН Беларусі Арловіч Валянцін Антонавіч, кандыдат фізіка-матэматычных навук Дашкевіч Уладзімір Іванавіч, а таксама супрацоўнікі Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта: доктар фізіка-матэматычных навук Куляшоў Мікалай Васільевіч і кандыдат фізіка-матэматычных навук Кісель Віктар Эдуардавіч.

З расійскага боку прэмія прысуджана супрацоўнікам Федэральнай дзяржаўнай бюджэтнай установы навукі “Інстытут лазернай фізікі Сібірскага аддзялення Расійскай акадэміі навук”: акадэміку РАН Багаеву Сяргею Мікалаевічу, кандыдату фізіка-матэматычных навук Ватніку Сяргею Маркавічу; супрацоўніку Федэральнай дзяржаўнай бюджэтнай установы навукі “Інстытут неарганічнай хіміі імя А.В. Нікалаева Сібірскага аддзялення Расійскай акадэміі навук”: кандыдату тэхнічных навук Паўлюку Анатолію Аляксеевічу.

Прэмія імя акадэміка Валянціна Афанасьевіча Капцюга (1931-1997), вядомага вучонага, акадэміка Расійскай акадэміі навук, віцэ-прэзідэнта Расійскай акадэміі навук, старшыні Сібірскага аддзялення Расійскай акадэміі навук, замежнага члена Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, лаўрэата Ленінскай прэміі заснавана ў 1998 г. у мэтах заахвочвання даследчыкаў Рэспублікі Беларусь і Расійскай Федэрацыі за дасягненне выдатных вынікаў пры выкананні сумесных навуковых даследаванняў у рамках міждзяржаўных праграм, а таксама за сумесныя навуковыя працы, якія маюць важнае значэнне для навукі і практыкі.

Прэмія (адна) прысуджаецца штогод па чарзе Прэзідыумамі НАН Беларусі і СА РАН. У бягучым годзе конкурс праведзены Сібірскім аддзяленнем РАН.