Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

22.06.2017

Дні беларускай навукі, інавацый, інвестыцый пройдуць у рамках “ЭКСПА-2017” у Казахстане

Дні беларускай навукі, інавацый, інвестыцый пройдуць 5-6 ліпеня 2017 г. у рамках Міжнароднай спецыялізаванай выставы “ЭКСПА-2017”, якая праходзіць у г. Астане, Рэспубліка Казахстан з 10 чэрвеня па 10 верасня 2017 г.

Мэтай правядзення Дзён беларускай навукі, інавацый, інвестыцый з’яўляецца прэзентацыя перспектыўных напрамкаў навуковых даследаванняў Рэспублікі Беларусь, абмен вопытам і правядзенне перамоў паміж дзеючымі і патэнцыяльнымі партнёрамі з Беларусі і Казахстана на прадмет сумеснага вырашэння навукова-тэхналагічных задач і камерцыялізацыі інавацыйных распрацовак у наступных галінах:

1. Развіццё энергетыкі будучыні, выкарыстанне аднаўляльных крыніц энергіі;
2. Зялёная эканоміка, ахова навакольнага асяроддзя;
3. Экалогія чалавека, патэнцыял медыцынскай навукі;
4. Экалагічная сельская гаспадарка;
5. Новыя матэрыялы і тэхналогіі;
6. Прагрэсіўныя тэхналогіі пошуку вуглевадароднай сыравіны.

У Днях беларускай навукі, інавацый, інвестыцый прымуць удзел 7 арганізацый НАН Беларусі:

● Навукова-практычны цэнтр НАН Беларусі па матэрыялазнаўстве;
● Навукова-практычны цэнтр НАН Беларусі па механізацыі сельскай гаспадаркі;
● Навукова-практычны цэнтр НАН Беларусі па біярэсурсах;
● Інстытут цепла- і масаабмену імя А.В. Лыкава НАН Беларусі;
● Аб’яднаны інстытут праблем інфарматыкі НАН Беларусі;
● Цэнтр сістэмнага аналізу і стратэгічных даследаванняў НАН Беларусі;
● Фізіка-тэхнічны інстытут НАН Беларусі.

У падрыхтоўчы перыяд арганізацыі НАН Беларусі праводзяць папярэднюю работу па запрашэнні патэнцыяльных партнёраў з Казахстана і іншых краін для ўдзелу ў Днях беларускай навукі, інавацый, інвестыцый.

Тэма “ЭКСПА-2017” – “Энергія будучыні”. Асноўнай мэтай правядзення міжнароднай выставы з’яўляецца інфармаванне аб неабходнасці стварэння палітыкі і рашэнняў, накіраваных на прасоўванне ўстойлівай энергетыкі з мэтай забеспячэння аптымальнай мадэлі энергетычнай будучыні планеты. Развіццё тэмы ажыццяўляецца ў рамках трох падтэм:

● зніжэнне выкідаў вуглякіслага газу;
● энергаэфектыўны лад жыцця;
● энергія для ўсіх.

Уся экспазіцыя “ЭКСПА-2017” аб’яднана адзінай стратэгічнай задачай дэманстрацыі наведвальнікам неабходнасці іх актыўнага ўдзелу ў распрацоўцы і ажыццяўленні плана энергазберагальнай вытворчасці і эфектыўнага выкарыстання энергетычных рэсурсаў.

Пры фарміраванні Нацыянальнай экспазіцыі Рэспублікі Беларусь на “ЭКСПА-2017” выкарыстоўвалася інфармацыя па 54 распрацоўках НАН Беларусі ў галіне энергетыкі, экалогіі і энергазберажэння. Вядучыя спецыялісты і вучоныя арганізацый НАН Беларусі 5-6 ліпеня 2017 г. у рамках Дзён беларускай навукі, інавацый, інвестыцый прадставяць 8 дакладаў па напрамках дзейнасці НАН Беларусі, якія адпавядаюць тэматыцы Міжнароднай спецыялізаванай выставы “ЭКСПА-2017” – “Энергія будучыні”.

Азнаёміцца з Праграмай Дзён беларускай навукі, інавацый, інвестыцый на ЭКСПА-2017

Загадчык сектара
Кансультацыйна-метадычнага цэнтра НАН Беларусі
В.А. Шчатко