Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

19.06.2017

У НАН Беларусі пачаў працу рэгіянальны семінар ФАО

19 чэрвеня 2017 года ў НАН Беларусі адкрыты двухдзённы рэгіянальны семінар па пытаннях устойлівай будучыні “Устойлівая вытворчасць харчавання і вядзенне сельскай гаспадаркі для рэалізацыі Парадку дня ў галіне ўстойлівага развіцця на перыяд да 2030 г. i Парыжскага пагаднення па змяненні клімату” закліканы звязаць надзённыя патрэбы і прыклады з розных краін з тэхнічнымі ведамі і глабальнай ацэнкай сітуацыі Харчовай і сельскагаспадарчай арганізацыі ААН (ФАО). На мерапрыемства сабралася больш за 100 удзельнікаў з 19 краін Еўропы і Цэнтральнай Азіі, якія прадстаўляюць органы дзяржаўнай улады, арганізацыі фермераў і вытворцаў, партнёраў ФАО па развіцці і фінансавыя інстытуты.

Перад цырымоніяй адкрыцця Старшыня Прэзідыума НАН Беларусі Уладзімір Гусакоў адзначыў, што Беларусі ўдалося за кароткі перыяд часу вырашыць праблему харчовай бяспекі і ўстойлівага развіцця вёскі. “Цяпер мы да 30% харчавання прадаём за мяжу, пастаўлена задача давесці аб’ёмы продажаў да 50%. Гэты семінар праводзіцца ў нашай краіне не выпадкова: Беларусь можа паслужыць узорам для многіх іншых краін у тым, як можна вырашыць харчовую праблему. Мы дамовіліся з ФАО аб фарміраванні праекта ў галіне навуковых даследаванняў, удасканалення якасці і рацыёну харчавання, бяспекі і даступнасці харчавання”. Сярод планаў па ўзаемадзеянні НАН Беларусі і ФАО Уладзімір Гусакоў адзначыў арганізацыю новага семінара па дзіцячым і школьным харчаванні.

Падчас цырымоніі адкрыцця семінара Уладзімір Гусакоў зачытаў прывітанне Прэм’ер-міністра Беларусі Андрэя Кабякова, у якім, у прыватнасці, гаварылася: "Беларусь мае неабходны патэнцыял і паслядоўна праводзіць сацыяльна накіраваную эканамічную і аграрную палітыку, якая адпавядае мэтам ААН у галіне ўстойлівага развіцця. Без перабольшання можна сказаць, што Беларусь з’яўляецца не толькі самадастатковай у харчовым стаўленні, але і экспартаарыентаванай краінай”.

Мэта семінара, які праходзіць у Мінску, заключаецца ў вызначэнні нацыянальных задач у галіне ўстойлівага развіцця для краін, якія прымаюць удзел у семінары, выяўленне наяўных прабелаў у інфармацыйных сістэмах і абмеркаванне варыянтаў іх запаўнення.

Праграма семінара таксама ўключае разгляд магчымасцей устанаўлення партнёрства і фінансавага супрацоўніцтва паміж краінамі, грамадзянскай супольнасцю, навуковай супольнасцю і міжнароднымі фінансавымі інстытутамі.