Прэмія імя акадэміка Ф.І. Фёдарава з’яўляецца адной з прэстыжных імянных прэмій Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі і прысуджаецца адзін раз у тры гады. У 2017 годзе прэмія прысуджана за цыкл прац “Даследаванне фотафізічных і спінавых характарыстык NV цэнтраў у алмазе для прымянення ў квантавых тэхналогіях”. У ходзе даследаванняў атрыманы невядомыя раней даныя для мэтанакіраванага пошуку ядзерных спінаў ізатапічных атамаў 13С, якія маюць вялікія тэрміны кагерэнтнасці нават пры пакаёвай тэмпературы. Гэта важна для стварэння цвердацелых квантавых камп’ютараў на аснове алмазу, а таксама новых высокадакладных квантавых сэнсараў для вымярэння лакальных магнітных і электрычных палёў.