Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

21.09.2017

Пачала працу Міжнародная навукова-тэхнічная канферэнцыя “Інавацыі ў машынабудаванні – 2017”, прысвечаная 60-годдзю з дня ўтварэння Аб’яднанага інстытута машынабудавання

21 верасня 2017 года пачала работу Міжнародная навукова-тэхнічная канферэнцыя “Інавацыі ў машынабудаванні – 2017”, прысвечаная 60-годдзю з дня ўтварэння Аб’яднанага інстытута машынабудавання НАН Беларусі. У форуме прымаюць удзел вядучыя вучоныя, спецыялісты і практыкі краін СНД у галіне аўтамабілебудавання. Сёння ў вялікай канферэнц-зале Прэзідыума НАН Беларусі адбыўся ўрачысты сход, прысвечаны 60-годдзю з дня ўтварэння Аб’яднанага інстытута машынабудавання НАН Беларусі. Прадстаўнікі арганізацый звярнуліся са словамі віншаванняў з нагоды свята да кіраўніцтва і супрацоўнікаў Інстытута. Далей пачалося пленарнае пасяджэнне Міжнароднай навукова-тэхнічнай канферэнцыі “Інавацыі ў машынабудаванні – 2017”. 22 верасня работа канферэнцыі працягнецца па секцыях.

Дзяржаўная навуковая ўстанова “Аб’яднаны інстытут машынабудавання Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі” (далей – Аб’яднаны інстытут машынабудавання НАН Беларусі) створаны пастановай Прэзідыума НАН Беларусі ад 17.05.2006 № 45 у выніку рэарганізацыі Інстытута механікі і надзейнасці машын НАН Беларусі ў форме далучэння да яго Навукова-інжынернага рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства “Белаўтатрактарабудаванне”.

Днём стварэння Аб’яднанага інстытута машынабудавання НАН Беларусі лічыцца 17 жніўня 1957 г., калі пастановай Савета Міністраў БССР быў створаны Інстытут машыназнаўства АН БССР.

Аб’яднаны інстытут машынабудавання НАН Беларусі з’яўляецца вядучым даследчым цэнтрам Беларусі ў галіне механікі і машынабудавання. Пры ім дзейнічаюць два цэнтры калектыўнага карыстання: Рэспубліканскі камп’ютарны цэнтр машынабудаўнічага профілю; Цэнтр структурных даследаванняў і трыбамеханічных выпрабаванняў матэрыялаў і вырабаў машынабудавання, а таксама Рэспубліканскі палігон для выпрабаванняў мабільных машын і Орган па сертыфікацыі “АКАДЭМСЕРТ”.

У цяперашні час у Аб’яднаным інстытуце машынабудавання НАН Беларусі працуе Герой Беларусі Марыеў П.Л. У ліку даследчыкаў - два члены-карэспандэнты, 17 дактароў і 27 кандыдатаў навук.