Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

22.09.2017

У Нацыянальным прэс-цэнтры Рэспублікі Беларусь адбылася прэс-канферэнцыя, прысвечаная падрыхтоўцы і правядзенню II З’езда вучоных Рэспублікі Беларусь

22 верасня 2017 года ў Нацыянальным прэс-цэнтры Рэспублікі Беларусь адбылася прэс-канферэнцыя, прысвечаная падрыхтоўцы і правядзенню II З’езда вучоных Рэспублікі Беларусь. У мерапрыемстве прынялі ўдзел: Гусакоў Уладзімір Рыгоравіч, Старшыня Прэзідыума НАН Беларусі, Кільчэўскі Аляксандр Уладзіміравіч, галоўны вучоны сакратар НАН Беларусі і Іванец Андрэй Іванавіч - старшыня Савета маладых вучоных НАН Беларусі, намеснік дырэктара ДНУ “Інстытут агульнай і неарганічнай хіміі НАН Беларусі”.

Як паведаміў журналістам Уладзімір Рыгоравіч Гусакоў, “дакладная дата пакуль не вызначана, але плануецца, што II З’езд вучоных Беларусі пройдзе ў пачатку снежня ў Палацы Рэспублікі. Да з’езда мы плануем падрыхтаваць статыстычны даведнік аб развіцці навукі ў нашай краіне, а таксама эксклюзіўнае выданне “Вучоныя, якія праславілі Беларусь”, – адзначыў Старшыня Прэзідыума НАН Беларусі. Ужо зацверджаны план мерапрыемстваў па падрыхтоўцы і правядзенні II З’езда вучоных Беларусі і адобрана яго праграма. Створаны рабочыя групы па арганізацыйным, матэрыяльна-тэхнічным, інфармацыйным, рэдакцыйна-выдавецкім забеспячэнні працы з’езда, па рэалізацыі культурнай праграмы і мерапрыемстваў з удзелам маладых вучоных, а таксама па падрыхтоўцы стратэгіі развіцця навукі і тэхнікі ў Беларусі на 2030–2040 гады, якая будзе абмяркоўвацца на з’ездзе. Па выніках з’езда будзе прынята рэзалюцыя аб стратэгічных напрамках развіцця навукі і эканомікі Беларусі.

Галоўны вучоны сакратар НАН Беларусі Аляксандр Уладзіміравіч Кільчэўскі акцэнтаваў увагу прадстаўнікоў сродкаў масавай інфармацыі на міжнародным супрацоўніцтве навуковых арганізацый НАН Беларусі, расказаў пра тое, што ў працы II З’езда вучоных Рэспублікі Беларусь прымуць удзел дэлегацыі вядучых акадэмій навук і сусветных навукова-даследчых цэнтраў.

Старшыня Савета маладых вучоных НАН Беларусі Андрэй Іванавіч Іванец прадставіў інфармацыю аб секцыі “Моладзь у навуцы”, якая запланавана ў дні працы II З’езда вучоных Рэспублікі Беларусь, а таксама аб падтрымцы маладых даследчыкаў у НАН Беларусі.