Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

15.09.2017

Прадпрыемства “Геаінфармацыйныя сістэмы” НАН Беларусі прынята ў склад міжнароднага Альянсу “PanGeo”

Навукова-інжынернае рэспубліканскае ўнітарнае прадпрыемства “Геаінфармацыйныя сістэмы” Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (УП “Геаінфармацыйныя сістэмы” НАН Беларусі) стала членам Міжнароднага Альянсу аператараў спадарожнікаў дыстанцыйнага зандзіравання Зямлі “PanGeo”. Дадзенае рашэнне прынята на Саміце арганізацыі ў Парыжы 13 верасня 2017 года. Як адзначана ў афіцыйным прэс-рэлізе арганізацыі, “PanGeoAlliance - першы глабальны кансорцыум аператараў спадарожнікаў дыстанцыйнага зандзіравання Зямлі (ДЗЗ), з радасцю аб’яўляе аб прыёме ў свой склад навукова-інжынернага прадпрыемства УП “Геаінфармацыйныя сістэмы” Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі ў якасці новага члена. У цяперашні час касмічныя сродкі новага ўдзельніка альянсу ўключаюць многаспектральную здымачную сістэму беларускага касмічнага апарата (БКА) з прасторавым дазволам 2.1 метра ў панхраматычным рэжыме”.

Каментуючы важнасць для беларускага боку такога кроку, дырэктар УП “Геаінфармацыйныя сістэмы” НАН Беларусі, галоўны канструктар Беларускай касмічнай сістэмы дыстанцыйнага зандзіравання Зямлі Сяргей Залатой адзначыў: “Мы вельмі рады далучыцца да супрацоўніцтва з PanGeoAlliance, якое, на нашу думку, можа за кошт аператыўнага забеспячэння касмічнай інфармацыяй значна паскорыць працэс прыняцця рашэнняў у самых розных галінах дзейнасці, прыносячы адпаведную карысць канчатковым карыстальнікам. Узаемна дадаючы доступ да архіваў здымкаў Беларускага касмічнага апарата (БКА) і баз даных здымкаў PanGeo, мы спадзяёмся пашырыць нашу прысутнасць на рынку даных дыстанцыйнага зандзіравання Зямлі (ДЗЗ) і даць існуючым і патэнцыяльным спажыўцам новыя магчымасці”.

УП “Геаінфармацыйныя сістэмы” НАН Беларусі, з’яўляючыся адным з асноўных распрацоўшчыкаў Беларускай касмічнай сістэмы дыстанцыйнага зандзіравання Зямлі (далей - БКСДЗ), з 2004 года прызначана Нацыянальным аператарам дадзенай сістэмы. Акрамя распрацоўкі БКСДЗ, УП “Геаінфармацыйныя сістэмы” забяспечвае бесперабойную эксплуатацыю беларускага касмічнага апарата, пачынаючы з 2012 года, у інтарэсах больш за 20 арганізацый Рэспублікі Беларусь. Асноўнымі напрамкамі дзейнасці УП “Геаінфармацыйныя сістэмы” з’яўляецца эксплуатацыя БКСДЗ, правядзенне навуковых даследаванняў у галіне дыстанцыйнага зандзіравання Зямлі, інфармацыйных і тэлекамунікацыйных тэхналогій, праектавання, распрацоўкі і стварэння геаінфармацыйных сістэм.

PanGeoAlliance - першы глабальны кансорцыум аператараў спадарожнікаў дыстанцыйнага зандзіравання Зямлі (ДЗЗ), утвораны ў верасні 2014 года. У цяперашні час уключае ў сябе 13 аператараў касмічных сістэм ДЗЗ краін Еўропы, Азіі і Амерыкі, якія забяспечваюць спажыўцоў многаспектральнымі здымкамі ў шырокім дыяпазоне прасторавага дазволу з памерам пікселя ад 20м да 75см. У тым ліку, валодаючы 7-ю дзеючымі спадарожнікамі звышвысокага дазволу, PanGeoAlliance кіруе найбуйнейшай у свеце віртуальнай групоўкай субметровых спадарожнікаў ДЗЗ. Гэта беспрэцэдэнтнае супрацоўніцтва забяспечвае штодзённую глабальную магчымасць правядзення здымак, уключаючы паўторную здымку любых аб’ектаў на працягу дня. Здымкі, атрыманыя ад розных спадарожнікаў, цалкам сумяшчальныя, што дазваляе спажыўцам бесперашкодна выкарыстоўваць даныя кансорцыума. Спадарожнікі, размешчаныя на розных арбітах, дазваляюць здымаць адну і тую ж цікавую тэрыторыю некалькі разоў у дзень і ў розны час сутак, павялічваючы магчымасці атрымання бязвоблачных здымкаў за кароткія прамежкі часу. Гэта ключ да шырокага спектра прымяненняў, асабліва тых, якія патрабуюць рэагавання ў рэжыме рэальнага часу і частага маніторынгу адных і тых жа аб’ектаў (тэрыторый), як, напрыклад, памежныя і марскія назіранні, праца аварыйных службаў, забеспячэнне абароны і бяспекі, выяўленне і ліквідацыя наступстваў надзвычайных сітуацый.

З моманту свайго ўтварэння ў верасні 2014 года, PanGeoAlliance рэалізаваў некалькі сумесных праектаў, напрыклад, шырокае картаграфічнае пакрыццё тэрыторый розных краін, што дэманструе эфектыўнасць сумеснай працы (за кошт дабаўлення новых магчымасцей), як для членаў альянсу, так і для спажыўцоў яго прадукцыі.