Канферэнцыя будзе адным з найбуйнейшых маладзёжных навуковых мерапрыемстваў, якое рэалізуецца ў нашай краіне ў Год навукі.
Урачыстае адкрыццё адбудзецца 30 кастрычніка 2017 года (панядзелак) у 11.00 (пр. Незалежнасці, 66, вялікая канферэнц-зала). На канферэнцыі плануецца прадставіць найбольш буйныя міжнародныя і міждысцыплінарныя праекты, навуковыя распрацоўкі, якія рэалізуюцца з удзелам маладых навукоўцаў. Удзел у канферэнцыі бяруць больш за 300 вучоных (з іх больш за 80 замежных удзельнікаў) з 12 краін (Расія, Германія, Аўстрыя, Казахстан, Украіна, Польшча, Азербайджан, Арменія, Егіпет і іншыя). У праграме запланаваны яркія міждысцыплінарныя запрошаныя даклады (Multidisciplinary Invited Talks) паспяховых маладых вучоных; секцыйныя даклады па асноўных напрамках дзейнасці НАН Беларусі (Аграрныя навукі; Біялагічныя навукі; Гуманітарныя навукі і мастацтва; Медыцынскія навукі; Фізіка, матэматыка і інфарматыка; Фізіка-тэхнічныя навукі; Хімія і навукі аб Зямлі і спецыяльная секцыя для юных даследчыкаў-школьнікаў “Першы крок у навуку”), а таксама майстар-класы, пленарныя лекцыі, панэльныя дыскусіі і круглыя сталы. Новым у фармаце канферэнцыі з’яўляецца правядзенне пленарных лекцый з запрашэннем вядомых дзеячаў навукі (Keynote speakers). Перад пачаткам канферэнцыі будуць прадстаўлены новыя навуковыя распрацоўкі маладых вучоных Нацыянальнай акадэміі навук у фармаце інтэрактыўных прэзентацый і выставы: з 11.00 па 13.00 - выстава распрацовак маладых вучоных у фармаце навукова-папулярных выступленняў.
Вялікую цікавасць будуць прадстаўляць выступленні маладых навукоўцаў на міждысцыплінарных секцыях, якія пройдуць 1-га лістапада (аўторак). Так, даклады секцыі “Навукі аб матэрыялах” ахопліваюць шырокую галіну навук аб матэрыялах, якая ўключае стварэнне перспектыўных матэрыялаў (у тым ліку бія- і нанаматэрыялаў), даследаванне іх уласцівасцей і функцыянальных характарыстык. Таксама на секцыі разглядаюцца шляхі практычнага выкарыстання, якія дазволяць ужо заўтра знайсці шырокае практычнае прымяненне найноўшым распрацоўкам, якія прадстаўляюцца на секцыі.
На секцыі “Навукі аб грамадстве” ўвага будзе засяроджана на міжнародных і міждысцыплінарных даследаваннях грамадства. Спектр разглядаемых тэм досыць шырокі: ад этычных аспектаў рэпрадуктыўных тэхналогій да сацыякультурных характарыстык моладзі, ад лінгвістычнага ландшафту памежжа да гісторыі беларускай дыпламатыі і дзяржаўнасці. Апошняе асабліва актуальна ў Год навукі і год 100-годдзя Кастрычніцкай рэвалюцыі, дзякуючы якой стала магчымым з’яўленне на карце свету першай беларускай дзяржавы.
На секцыі “Навукі аб жыцці” будуць закрануты важныя праблемы аховы навакольнага асяроддзя і здаровага харчавання. Цікавым таксама будзе даклад па пытаннях развіцця айчыннага вінаробства.
Канферэнцыя “Моладзь у навуцы – 2017” з’яўляецца прэстыжнай пляцоўкай для прэзентацыі праектаў таленавітай моладзі краін СНД, а таксама блізкага і далёкага замежжа.
Праграма XIV Міжнароднай навуковай канферэнцыі маладых вучоных “Моладзь у навуцы - 2.0'17”