Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

25.10.2017

26 кастрычніка адбудзецца прэзентацыя “Гістарычнага слоўніка беларускай мовы” ў 37-мі выпусках

26 кастрычніка ў 10.30 у малой канферэнц-зале Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (п. 216) адбудзецца прэзентацыя “Гістарычнага слоўніка беларускай мовы” ў 37-мі выпусках (1982–2017), які створаны ў Інстытуце мовазнаўства імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.

“Гістарычны слоўнік беларускай мовы” – першы і адзіны ў айчыннай гуманітарнай навуцы даведнік, які з максімальнай паўнатой адлюстроўвае багацце слоўнікавага фонду беларускай мовы XIV–XVIII стст., з’яўляецца надзейнай крыніцай пазнання мінулага Беларусі, дае змястоўную інфармацыю аб сацыяльна-эканамічным жыцці, матэрыяльнай і духоўнай культуры беларускага народа ў названы перыяд. У слоўніку дэталёвую лексікаграфічную апрацоўку атрымалі звыш 75 000 слоў, зафіксаваных у дагаворах, статутах, летапісах, хроніках, хранографах, воінскіх і рыцарскіх раманах і аповесцях, мемуарных, публіцыстычных, навуковых і рэлігійных творах.

Распрацоўка канцэпцыі гэтага ўнікальнага выдання, стварэнне яго базавай картатэкі (звыш 1 мільёна 60 тысяч картак), падрыхтоўка слоўнікавых артыкулаў вяліся з 60-х гг. мінулага стагоддзя пад кіраўніцтвам членаў-карэспандэнтаў НАН Беларусі А.І. Жураўскага і А.М. Булыкі. Некалькі пакаленняў таленавітых беларускіх лінгвістаў унеслі свой неацэнны ўклад у распрацоўку гэтага фундаментальнага акадэмічнага праекта. Таму “Гістарычны слоўнік беларускай мовы” стаў сапраўдным праектам стагоддзя для беларускай гуманітарыстыкі.

Слоўнік мае навуковую, практычную і сацыяльную значнасць: яго матэрыялы шырока выкарыстоўваюцца пры стварэнні прац, прысвечаных фарміраванню і эвалюцыі лексічнай сістэмы беларускай мовы, характарыстыцы асаблівасцей слоўнікавага складу асобных старабеларускіх помнікаў; у практыцы выкладання гісторыка-лінгвістычных дысцыплін; пры распрацоўцы міждысцыплінарных праектаў, прысвечаных узаемадзеянню ўсходнеславянскіх моў і народаў і інш.

“Гістарычны слоўнік беларускай мовы” запатрабаваны ў мерапрыемствах, накіраваных на захаванне, перадачу і папулярызацыю гісторыка-культурнай спадчыны беларускага народа. Выданне слоўніка ўмацоўвае статус гуманітарнай навукі Беларусі на міжнародным узроўні.

У прэзентацыі возьмуць удзел кіраўніцтва НАН Беларусі, ветэраны і супрацоўнікі Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа, выкладчыкі ВНУ, прадстаўнікі навуковай і творчай грамадскасці краіны.