Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

16.11.2017

У НАН Беларусі адбыліся выбары замежных членаў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі

16 лістапада 2017 года падчас сесіі Агульнага сходу НАН Беларусі адбыліся выбары замежных членаў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. У выніку адкрытага галасавання абрана 6 замежных і 2 ганаровых члены НАН Беларусі.

Замежнымі членамі НАН Беларусі абраны:
Бай Чунлі (Chunli Bai) - Прэзідэнт Кітайскай акадэміі навук, вядомы вучоны сусветнага ўзроўню ў галіне нанатэхналогій і сканіруючай зондавай мікраскапіі;
Фідэль Анхель Кастра Дыяс-Баларт (Fidel Angel Castro Diaz-Balart) - Віцэ-прэзідэнт Кубінскай акадэміі навук, саветнік па навуцы Дзяржаўнага савета Кубы, вядомы вучоны ў галіне тэарэтычнай, ядзернай фізікі і энергетыкі, квантавай тэорыі, нанатэхналогій;
Байба Рыўжа (Baiba Rivza) - Прэзідэнт Латвійскай акадэміі сельскагаспадарчых і лясных навук, выдатны вучоны ў галіне эканомікі, сельскагаспадарчага прадпрымальніцтва, рызык, рэгіянальнага развіцця і даследаванняў рынку;
Сяргееў Аляксандр Міхайлавіч - Прэзідэнт Расійскай акадэміі навук, акадэмік РАН, выдатны вучоны ў галіне лазернай фізікі, звышмагутных лазерных комплексаў, фемтасекунднай оптыкі, тэорыі нелінейных хвалевых з’яў, фізікі плазмы і біяфатонікі;
Стывен Чу (Steven Chu) - прафесар фізікі, малекулярнай і клетачнай фізіялогіі Стэнфардскага ўніверсітэта ЗША, лаўрэат Нобелеўскай прэміі па фізіцы (1997 год) за распрацоўку метаду лазернага астуджэння атамаў;
Генры Маркрам (Henry Markram) - прафесар Федэральнай політэхнічнай школы Лазаны, кіраўнік праекта па камп’ютарным мадэляванні галаўнога мозгу чалавека, выдатны вучоны ў галіне нейрафізіялогіі.

На сесіі Агульнага сходу абраны ганаровыя члены НАН Беларусі. Імі сталі:
Пётр Ільіч Клімук - лётчык - касманаўт, двойчы Герой Савецкага Саюза, доктар тэхнічных навук, прафесар, правадзейны член Расійскай акадэміі касманаўтыкі імя К.Э.Цыялкоўскага, акадэмік Міжнароднай акадэміі інфарматыкі, член-карэспандэнт Міжнароднай акадэміі астранаўтыкі;
Юсуф Хваджа Хамід - Старшыня праўлення кампаніі “Cipla Limited”, адзін з вядучых вучоных Індыі ў галіне арганічнай хіміі і фармацэўтыкі.