На VI Кангрэсе фізікаў Беларусі 21-23 лістапада 2017 года плануецца абмеркаваць пытанні стану і развіцця фізічнай навукі і фізічнай адукацыі ў нашай краіне; заслухаць даклады вядучых вучоных па напрамках аптычнай навукі, якія найбольш інтэнсіўна развіваюцца ў Беларусі, ядзернай фізікі і энергетыкі, а таксама правесці дыскусіі аб павышэнні ролі фізікі і фізічных ведаў у жыцці грамадства і дзейнасці людзей. Важнай тэмай кангрэса будзе абмеркаванне праблемы найбольш эфектыўнага ўплыву вынікаў фізічных даследаванняў, у тым ліку ў галіне оптыкі, лазернай фізікі на эканоміку краіны. Будуць разгледжаны пытанні ўплыву навукі наогул і фізікі ў прыватнасці на адукацыю, на ўздым цікавасці навучэнцаў і грамадскасці да тэхнічных навук і дысцыплін.
У працы форуму прымуць удзел вядомыя фізікі Беларусі, прадстаўнікі Міністэрства адукацыі, навучальных устаноў краіны, вядучыя вучоныя многіх краін свету, прадстаўнікі міжнароднай лазернай асацыяцыі, аптычных і фізічных таварыстваў замежных дзяржаў, беларускай замежнай дыяспары. Арганізатары мерапрыемства - НАН Беларусі, Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, Інстытут фізікі НАН Беларусі, БДУ, ГА “Беларускае фізічнае таварыства” і Беларускі рэспубліканскі фонд фундаментальных даследаванняў.
У рамках Кангрэса адбудзецца XV Міжнародная канферэнцыя па квантавай оптыцы і квантавай інфарматыцы. Тэматыка канферэнцыі прысвечана пытанням традыцыйнай квантавай оптыкі, матэрыялам і прыборам квантавай оптыкі і квантавай інфарматыкі, распрацоўцы апаратных сродкаў для маштабіруемых квантавых камп’ютараў, квантавай памяці, узаемадзеянню паміж фатонамі і атамнымі кубітамі, квантавым алгарытмам, сістэмам квантавага размеркавання ключа ў оптавалакне і інш.
Падыход да прэсы - 9.15