Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

21.11.2017

23 лістапада 2017 года пачне работу канферэнцыя “Сучасныя праблемы лексікаграфіі “Lex 2017”

23 лістапада 2017 г. у 10.00 у Інстытуце мовазнаўства імя Якуба Коласа НАН Беларусі (г. Мінск, вул. Сурганава 1/2) адбудзецца адкрыццё XIII Міжнароднай навуковай канферэнцыі “Сучасныя праблемы лексікаграфіі “Lex 2017, прысвечанай Другому з’езду вучоных Рэспублікі Беларусь. Форум арганізаваны Цэнтрам даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі, Гродзенскім універсітэтам імя Янкі Купалы, Інстытутам славістыкі Альпен-Адрыя (Аўстрыя), Інстытутам лінгвістычных даследаванняў Расійскай акадэміі навук, Інстытутам русістыкі Варшаўскага ўніверсітэта, Харкаўскім лексікаграфічным таварыствам і інш. У рабоце канферэнцыі 23-24 лістапада 2017 г. прымуць удзел больш за 100 вучоных з розных краін, у тым ліку з Аўстрыі, Грузіі, Расіі, Украіны і інш. Пра актуальнасць канферэнцыі і яе інтэрдысцыплінарны характар гаворыць таксама ўдзел у ёй, акрамя лінгвістаў, спецыялістаў у галіне інфармацыйных тэхналогій.

На канферэнцыі плануецца абмеркаваць фундаментальныя аспекты лексікаграфіі, пытанні распрацоўкі розных тыпаў і жанраў слоўнікаў, наватарскія лексікаграфічныя праекты, практычныя аспекты лексікаграфічнай дзейнасці ў сучасных умовах. Асноўную ўвагу плануецца засяродзіць на наступных напрамках: камп’ютарныя і корпусныя тэхналогіі ў лексікаграфіі, лексікаграфічная прагностыка, слоўнікавыя праекты, тэрміналагічная, гістарычная, дыялектная, аўтарская лексікаграфія, выкарыстанне слоўнікаў у навуковых і вучэбных мэтах, метадалогіі славянскай лексікаграфіі і тэрмінаграфіі, а таксама распрацоўка рэкамендацый па актывізацыі працы ў гэтых напрамках.

У рамках форуму будзе арганізавана выстава-прэзентацыя найбольш значных работ беларускіх лексікографаў, створаных у апошні час: “Тлумачальнага слоўніка беларускай літаратурнай мовы”, “Гістарычнага слоўніка беларускай мовы” ў 37 выпусках, “Арфаэпічнага слоўніка беларускай мовы” і інш.