Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

18.01.2018

У НАН Беларусі падведзены папярэднія вынікі рэалізацыі саюзных праграм

18 студзеня 2018 г. у Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі адбылася нарада з удзелам Дзяржаўнага сакратара Саюзнай дзяржавы Рыгора Аляксеевіча Рапоты. У ходзе мерапрыемства падведзены папярэднія вынікі рэалізацыі саюзных праграм у галінах абароны, бяспекі, праваахоўнай дзейнасці, ваенна-тэхнічнага супрацоўніцтва і абароннай прамысловасці ў 2017 годзе, абмеркавана падрыхтоўка праектаў канцэпцый новых праграм і мерапрыемстваў Саюзнай дзяржавы па гэтых напрамках і беларуска-расійскае супрацоўніцтва ў навукова-тэхнічнай і ваенна-тэхнічнай сферах. У нарадзе прынялі ўдзел прадстаўнікі сілавых структур Беларусі, міністэрстваў прамысловасці, эканомікі, фінансаў, адукацыі, канцэрна “Белнафтахім”, НАН Беларусі, Пастаяннага камітэта Саюзнай дзяржавы.

Як падкрэсліў перад пачаткам нарады Старшыня Прэзідыума НАН Беларусі Уладзімір Гусакоў: “Дзякуючы супрацоўніцтву з Пастаянным камітэтам Саюзнай дзяржавы, удзелу ў рэалізацыі саюзных праграм мы сур’ёзна прасунуліся і ў фундаментальных, і ў прыкладных даследаваннях. З удзелам НАН Беларусі завершана 14 саюзных праграм па розных напрамках: космас, сельская гаспадарка, матэрыялазнаўства і іншыя. Зараз выконваецца пяць праграм і рыхтуецца яшчэ 12 у розных галінах. Вельмі важныя такія напрамкі, як новыя матэрыялы, мікраэлектроніка, ствалавыя клеткі. У выніку рэалізацыі галіновых саюзных праграм навука атрымлівае сур’ёзную падтрымку, мы падтрымліваем наш навуковы патэнцыял і адначасова распрацоўваем тэхніку для розных галін. Мы вельмі рады такому супрацоўніцтву, яно вельмі выніковае”, - сказаў Уладзімір Гусакоў.