Уладзімір Сяргеевіч Улашчык - вядомы вучоны ў галіне фізічнай медыцыны і медыцынскага прыборабудавання. Яго навуковыя даследаванні прысвечаны актуальным праблемам фізічнай медыцыны, медыцынскай і біялагічнай фізікі.
У.С. Улашчык вёў вялікую навукова-арганізацыйную работу, з’яўляўся старшынёй Беларускага навукова-медыцынскага таварыства фізіятэрапеўтаў і курартолагаў, членам рэдкалегіі 6 айчынных і 5 замежных часопісаў, кіраўніком Беларускага прадстаўніцтва Міжнароднага адукацыйнага цэнтра прыродазнаўчых навук ЮНЕСКА, ганаровым членам і доктарам шэрагу ўніверсітэтаў і грамадскіх акадэмій, замежных таварыстваў па фізічнай медыцыне і рэабілітацыі, членам экспертнага савета ВАК, старшынёй Рэспубліканскай камісіі па атэстацыі санаторна-курортных устаноў і інш. Уладзімір Сяргеевіч Улашчык больш за 25 гадоў узначальваў кафедру фізіятэрапіі і курорталогіі БелМАПА, абіраўся дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР.
Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР (1986), заслужаны дзеяч навукі Беларусі (1996). Узнагароджаны Ганаровымі Граматамі Вярхоўнага Савета БССР, НАН Беларусі, знакам “Выдатнік аховы здароўя СССР”, знакам “Выдатнік друку Рэспублікі Беларусь”.
У.С.Улашчык - аўтар больш за 600 навуковых прац, у тым ліку 40 манаграфій, падручнікаў і дапаможнікаў, больш за 100 аўтарскіх пасведчанняў на вынаходніцтвы і патэнтаў. У.С.Улашчыкам створана беларуская навуковая фізіятэрапеўтычная школа. Ён падрыхтаваў 12 дактароў і 45 кандыдатаў медыцынскіх і біялагічных навук і больш за 5 тысяч урачоў-фізіятэрапеўтаў і курартолагаў.
Уладзімір Сяргеевіч Улашчык унёс значны ўклад у развіццё айчыннай сістэмы аховы здароўя. У 1983 - 1986 гадах ён працаваў намеснікам міністра і начальнікам IV Галоўнага ўпраўлення Міністэрства аховы здароўя БССР. У 1987-1990 гадах - Міністр аховы здароўя Рэспублікі Беларусь. У 2005 - 2010 гадах акадэмік Улашчык У.С. працаваў дырэктарам Інстытута фізіялогіі НАН Беларусі. З 2010 года - кіраўнік аддзела, галоўны навуковы супрацоўнік Інстытута фізіялогіі НАН Беларусі.