У мерапрыемстве прымуць удзел кіраўніцтва і супрацоўнікі НАН Беларусі, прадстаўнікі міністэрстваў адукацыі, культуры, інфармацыі, члены Саюза пісьменнікаў Беларусі, беларускія вучоныя, кіраўнікі педагагічных СМІ, настаўнікі, аўтары выдання.
Часопіс пачаў выходзіць у студзені 1988 г. як штомесячнае навуковае і метадычнае выданне для настаўнікаў беларускай мовы і літаратуры. Першапачатковая назва – “Беларуская мова і літаратура ў школе”. У 1992 г. перарэгістраваны як “Роднае слова”. Уключаны ў Пералік навуковых выданняў Вышэйшай атэстацыйнай камісіі Рэспублікі Беларусь для друкавання вынікаў дысертацыйных даследаванняў па філалагічных навуках, мастацтвазнаўстве, культуралогіі, педагогіцы. Аўтары і чытачы часопіса “Роднае слова” – вядомыя вучоныя, а таксама аспіранты і дактаранты Беларусі і замежжа (Украіны, Балгарыі, Славакіі, Кітая, Японіі), выкладчыкі ВНУ, настаўнікі гімназій, ліцэяў, школ, бібліятэкары і супрацоўнікі музейных устаноў. На сённяшні дзень установа супрацоўнічае з 32 аспірантамі з Кітайскай Народнай Рэспублікі.
За тры дзясяткі гадоў выданне змясціла больш як 10 тысяч матэрыялаў! Часопіс спрыяў і спрыяе прафесійнаму станаўленню многіх айчынных вучоных. Толькі за тры апошнія гады рэдакцыяй падрыхтавана 1019 публікацый, з іх 145 артыкулаў вучоных са ступенню доктара навук, 462 – са ступенню кандыдата навук, 157 матэрыялаў сталі апрабацыяй кандыдацкіх (129) і доктарскіх (28) дысертацый.
Часопіс “Роднае слова” тройчы лаўрэат Нацыянальнага конкурсу друкаваных сродкаў масавай інфармацыі “Золотая Литера” ў намінацыі “Лепшыя матэрыялы навуковай і навукова-папулярнай тэматыкі” і “Лепшы часопіс навуковай і навукова-папулярнай тэматыкі”.
З верасня 2011 г. установай рэалізоўваецца праект па выданні кніг пра старажытныя беларускія роды серыі «Летапіс беларускай шляхты» аўтара А. Статкевіча-Чабаганова, якія распаўсюджаны ў бібліятэкі розных краін свету: Расіі, Літвы, Эстоніі, Польшчы, Чэхіі, Балгарыі, Славеніі, Сербіі, Славакіі, Венгрыі, Швецыі, ЗША і інш.
Часопіс “Роднае слова” належыць да тых перыядычных беларускамоўных выданняў гуманітарна-асветніцкага кірунку, якія істотна дапамагаюць ў станаўленні нацыянальнай самасвядомасці, далучэнні маладога пакалення да беларускай і сусветнай духоўна-культурнай спадчыны.