Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

09.02.2018

НАН Беларусі праводзіць Тыдзень роднай мовы

З 19 па 23 лютага Інстытут мовазнаўства імя Якуба Коласа НАН Беларусі праводзіць Тыдзень роднай мовы, прымеркаваны да святкавання Міжнароднага дня роднай мовы, які селета адзначаецца 21 студзеня 2018 года.

У гэтай сувязі для Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі асаблівае значэнне мае навукова-практычнае забеспячэнне паспяховага функцыянавання мовы ва ўсіх сферах грамадскага жыцця, у якіх павінна выкарыстоўвацца дзяржаўная мова краіны. База для гэтага створана ў акадэмічным Інстытуце мовазнаўства імя Якуба Коласа, бо менавіта гэты інстытут забяспечвае каардынацыю і правядзенне сістэмных даследаванняў у галіне беларускага мовазнаўства.

У гэтым годзе да Дня роднай мовы ў інстытуце прымеркавана:

1. 19 лютага ў 11 гадзін у Інстытуце мовазнаўства (адрас: Сурганава 1, корпус 2, пак. 302) адбудзецца навукова-практычны семінар “Сусветная мовазнаўчая славістычная бібліяграфія ў інтэрнэце: прынцыпы функцыянавання і практычнае выкарыстанне ў навуковай дзейнасці”. Семінар прысвечаны аднаму з найважнейшых складнікаў і інструментаў дзейнасці вучоных – навуковай інфармацыі. Для ўсіх даследчыкаў славянскіх моў такім інструментам з’яўляецца “Сусветная мовазнаўчая славістычная бібліяграфія”, якая ствараецца міжнароднай супольнасцю славістаў (актыўны ўдзел прымаюць вучоныя Інстытута мовазнаўства ў рамках дзейнасці кластара “Міжнародная школа беларускай мовы і літаратуры”) на базе Інстытута славістыкі Польскай акадэміі навук. З 2007 года бібліяграфія, першапачаткова кніжная, даступна ў інтэрнэце як інфармацыйна-пошукавая сістэма iSybislaw. На сённяшні дзень у ёй змешчана больш за 23 тысячы бібліяграфічных запісаў, якія ахопліваюць перыяд з 1992 г. да нашых дзён. Архітэктура гэтай сістэмы дазваляе навукоўцам не толькі атрымліваць інфармацыю пра выдадзеныя працы, але і вырашаць задачы навукова-метадалагічнага плану. Удзельнікі семінару атрымаюць метадычныя парады па практычным выкарыстанні бібліяграфічнай базы і даведаюцца пра разнастайныя пошукавыя інструменты для эфектыўнай працы з бібліяграфічнай інфармацыяй.
Запрашаюцца студэнты, магістранты, аспіранты, выкладчыкі ВНУ, настаўнікі, навуковыя супрацоўнікі акадэмічных устаноў.

2. 19 лютага ў 14.00 Савет маладых вучоных Інстытута праводзіць забаўляльна-адукацыйнае мерапрыемства «Мова-Quiz» для маладых вучоных сямі Аддзяленняў НАН Беларусі.
У рамках святкавання Міжнароднага дня роднай мовы Савет маладых вучоных Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа прапануе правесці забаўляльна-адукацыйнае мерапрыемства «Мова-Quiz» для маладых вучоных НАН Беларусі. Мэта: папулярызацыя беларускай мовы, абуджэнне цікавасці маладых вучоных да беларускай мовы. Удзельнікі гульні-віктарыны змогуць прадэманстраваць свае творчыя здольнасці, логіку, веданне беларускай мовы, а таксама фактаў з гісторыі, культуры і беларускай літаратуры.
Месца правядзення: Інстытут мовазнаўства імя Якуба Коласа (к. 302).

3. 20 лютага ў 10.00 у Інстытуце мовазнаўства імя Якуба Коласа пройдзе сустрэча вучоных-мовазнаўцаў з вучнямі гімназіі № 23 з беларускай мовай навучання горада Мінска. Падчас сустрэчы будзе праведзена прэзентацыя “Гісторыя беларускага пісьменства”.

4. 20 лютага ў 14.00 у Інстытуце мовазнаўства адбудзецца пасяджэнне круглага стала “Беларуская мова і бізнес”. На сустрэчу запрошаны прадстаўнікі беларускіх фірм, кампаній (Velcom, запраўка А100 і інш.), рэкламных агенцтваў, банкаў, Міністэрства гандлю і антыманапольнага рэгулявання і інш. Падчас круглага стала плануецца абмеркаваць кола пытанняў: нацыянальная мова як важны фактар дзейнасці рэкламнай кампаніі; тэрміналагічная база рэкламы; бізнес і моўная палітыка; бізнес і нацыянальнае кнігавыданне; бізнес і лінгва-адукацыйныя паслугі.

5. 21 лютага ў Інстытуце мовазнаўства пройдзе Міжнародная навуковая канферэнцыя “Беларуская мова ў сферы sacrum: гісторыя і сучаснасць”.
Праблемнае поле канферэнцыі: богаслужбовая практыка, асвета і пісьменства як фактары станаўлення і развіцця еўрапейскіх нацыянальных моў; функцыянаванне беларускай мовы ў рэлігійнай сферы жыцця сучаснага грамадства і ў літургічнай прасторы; гісторыя ўжывання беларускай мовы ў рэлігійнай кніжнасці і практыцы богаслужэння.

6. 21 лютага ў 14.00 у Інстытуце мовазнаўства пройдзе прэзентацыя юбілейнага выдання “Псалтыра” ў перакладзе на сучасную беларускую літаратурную мову, падрыхтаванае трыма вядомымі ў краіне навукоўцамі – доктарам філалалгічных навук прафесарам Мікалаем Прыгодзічам, кандыдатам гістарычных навук, магістрам тэалогіі Уладзіславам Завальнюком і настаўнікам-беларусаведам Валянцінай Раманцэвіч.

7. 21 лютага ў 14.30 адбудзецца круглы стол “На якой мове звяртацца да Бога”, прысвечаны праблемам ужывання рэлігійнай тэрміналогіі. У круглым стале прымуць удзел вучоныя, перакладчыкі, прадстаўнікі розных канфесій Беларусі.

8. 22 лютага ў 18.30 Інстытут мовазнаўства імя Якуба Коласа сумесна з Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеем Якуба Коласа да праводзяць імпрэзу "Па старонках “Гістарычнага слоўніка беларускай мовы". У праграме мерапрыемства запланаваны выступленні аўтараў слоўніка, чытанні тэкстаў на старабеларускай мове, выступленне дуэта "ČARKA". (Чакаем па адрасе: г.Мінск, вул.Акадэмічная, 5).

9. Напярэдадні Міжнароднага дня роднай мовы на базе газеты “Звязда” пройдзе круглы стол на тэму “Ужыванне беларускай мовы ў розных сферах: культура і пісьменнасць”. Мяркуемыя тэматычныя напрамкі дыскусіі
• Беларуская мова ў нашым жыцці сёння: даніна модзе ці шчырая цікаўнасць? Калі цікаўнасць ёсць, а ведаў бракуе, дзе іх папоўніць або набыць?
• Мова гарадской моладзі: слэнг, неалагізмы і г.д. натуральны працэс развіцця ці элементарная непісьменнасць?
• Роля інтэрнэту і гаджэтаў у фарміраванні культуры мовы. Беларуская мова байнэту
• Афіцыйны стыль: цяжкасці перакладу
• Мова рэкламы і шыльдаў: хто адкажа за непісьменнасць? Можа, час уводзіць інстытут кансультантаў?
• Уплыў асяроддзя, у якім мова фарміруецца: з зямлі на асфальт
• Правілы мовы маюць статус Закона. Ці магчымая адказнасць за яго парушэнне?
• “Трасянка”, “тарашкевіца”, “наркамаўка” ці нешта іншае? Што далей?
• Які прынцып адносна мовы ў нашым грамадстве больш прымяняльны: “Лепш менш, ды лепш” або “Абы карысталіся, выправіцца ў працэсе”?

10. На базе Музея 1 з’езда РСДРП адбудзецца чарговае пасяджэнне навукова-асветніцкіх курсаў на тэму “Размоўная лексіка ў сучаснай беларускай мове”.