Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

19.02.2018

Адбылася прэс-канферэнцыя, прысвечаная Міжнароднаму дню роднай мовы

19 лютага 2018 г. у Прэс-цэнтры Дома прэсы адбылася прэс-канферэнцыя, прысвечаная Міжнароднаму дню роднай мовы, на тэму: “Беларуская мова як асноўны фактар захавання нацыі і незалежнасці краіны”.

Ад НАН Беларусі ў прэс-канферэнцыі прынялі ўдзел: Лукашанец Аляксандр Аляксандравіч, першы намеснік дырэктара па навуковай рабоце Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі; Капылоў Ігар Лявонавіч - дырэктар Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі; Саверчанка Іван Васільевіч - дырэктар Інстытута літаратуразнаўства імя Янкі Купалы Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі.

Аляксандр Лукашанец адзначыў, што ва ўмовах двухмоўя ўжыванне беларускай мовы з’яўляецца важным фактарам для псіхалагічнага камфорту асобы і адчування сябе паўнавартасным грамадзянінам сваёй краіны, “паколькі, ведаючы беларускую мову, чалавек можа камфортна адчуваць сябе ў любой моўнай сітуацыі”, - сказаў ён. Таксама ва ўмовах двухмоўя трэба падыходзіць да пытання пра аднолькавыя патрабаванні ў ацэнцы ведаў па абедзвюх дзяржаўных мовах у выглядзе тэсціравання пасля заканчэння сярэдняй школы і пры паступленні ў ВНУ па рускай і беларускай мовах.

Ігар Капылоў дадаў, што на сучасным этапе беларуская мова здольна паўнавартасна абслугоўваць усе сферы грамадства.

Іван Саверчанка расказаў аб зборніках твораў літаратараў з Іванаўскага раёна, якія рыхтуюцца да выдання. Такога роду зборнікі сталі традыцыйнымі для Інстытута і выходзяць штогод да Дня беларускага пісьменства. Яны становяцца своеасаблівымі сучаснымі літаратурнымі сімваламі рэгіёнаў нашай краіны. Асаблівае значэнне дадзеная праца набывае, улічваючы аб’яўленне 2018 года - Годам малой радзімы.