Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

16.03.2018

У інтэлектуальным клубе Інстытута філасофіі прайшло абмеркаванне сацыялагічнага даследавання становішча жанчын у акадэмічнай навуцы

15 сакавіка 2018 г. у інтэлектуальным клубе “Жанчыны ў філасофіі” пры Інстытуце філасофіі НАН Беларусі, які паставіў перад сабой мэту стварэння пляцоўкі для дыялогу, усталявання і пашырэння прафесійных кантактаў жанчын, якія займаюцца філасофіяй, адбылася дыскусія з удзелам запрошанага эксперта. Абмяркоўваўся даклад навуковага супрацоўніка Інстытута сацыялогіі НАН Беларусі А.П. Салавей “Сацыяльнае і прафесійнае становішча жанчын-навуковых работнікаў у акадэмічнай навуцы (па выніках сацыялагічных даследаванняў)”, які быў прысвечаны разгляду розных фактараў, якія ўплываюць на спецыфіку сацыяльнага самаадчування беларускіх жанчын-вучоных.

Актуальнасць звароту да дадзенай тэмы звязана з запатрабаванасцю аналізу працэсу фемінізацыі беларускай навукі на сучасным этапе яе развіцця і вызначэння ступені ўплыву такіх фактараў як прафесійная самаідэнтыфікацыя жанчын-даследчыкаў, дачыненне да навуковай супольнасці, задаволенасць умовамі працоўнай дзейнасці, наяўнасць магчымасцей для прасоўвання па кар’ернай навуковай лесвіцы. Асаблівы акцэнт у дакладзе быў зроблены на разглядзе пытанняў, якія тычацца прафесійнай актыўнасці жанчын-работнікаў Акадэміі навук, спецыфіцы іх каштоўнасных арыентацый, уплыву замужжа і мацярынства, а таксама гендарных стэрэатыпаў на іх прафесійную дзейнасць.

На аснове вынікаў праведзеных сацыялагічных даследаванняў А.П. Салавей зрабіла выснову аб тым, што большасць жанчын-вучоных Акадэміі навук лічаць навуковую дзейнасць сваім прызваннем і адчуваюць пачуццё дачынення да навуковай супольнасці. Таксама ў якасці фактару, які прыводзіць жанчын у навуку, было названа імкненне ўнесці асабісты ўклад у яе развіццё.

Акрамя таго, на пасяджэнні абмяркоўваліся праблемы жанчын-вучоных: наяўнасць двайной нагрузкі (праца і сям’я), патрэба ў сумяшчэнні прафесійных і гендарных ролей – навуковага супрацоўніка, маці і жонкі.

Мерапрыемства паказала эфектыўнасць працы ў абраным фармаце. Даклад выклікаў цікавасць і ажыўленую дыскусію.

На думку удзельніц Клуба, абмеркаванне дакладаў запрошаных экспертаў дазволіць паглыбіць разуменне ролі жанчын у філасофіі, раскрыць розныя аспекты статусу жанчыны ў сучаснай гуманітарнай навуцы.