Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

23.03.2018

У Інстытуце літаратуразнаўства імя Янкі Купалы адкрылася Міжнародная навуковая канферэнцыя “Беларуская гістарычная літаратура: жанры, характары, праблемы”

22 сакавіка 2018 года ў Інстытуце літаратуразнаўства імя Янкі Купалы Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі пачала працу Міжнародная навуковая канферэнцыя “Беларуская гістарычная літаратура: жанры, характары, праблемы”, прымеркаваная да 125-годдзя з дня нараджэння Максіма Гарэцкага.

Выступаючы з прывітальным словам да ўдзельнікаў канферэнцыі, Галоўны вучоны сакратар НАН Беларусі Аляксандр Кільчэўскі ўспомніў творы найбольш знакавых прадстаўнікоў беларускай гістарычнай літаратуры і адзначыў іх значнасць як для беларускай гісторыі, так і для культуры ўсяго чалавецтва. “Без вывучэння гэтага пласта літаратуры немагчыма выхаванне будучага пакалення, немагчыма ідэнтыфікаваць беларусаў як нацыю – такая задача стаіць сёння перад нашымі гуманітарыямі і яны паспяхова яе выконваюць”, – сказаў Аляксандр Кільчэўскі.

Дырэктар Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі Аляксандр Лакотка адзначыў, што час правядзення канферэнцыі супадае з 75-ай гадавінай памяці Хатынскай трагедыі. “У агні Хатыні, у агні вайны нараджаліся наша годнасць, гонар, мужнасць і разуменне сябе як народа-пераможцы, як народа-змагара за свой лёс – усё гэта знаходзіла сваё адлюстраванне ў беларускай гістарычнай літаратуры”, – сказаў Аляксандр Лакотка.

З прывітальным словам да ўдзельнікаў канферэнцыі таксама звярнуўся пляменнік Максіма Гарэцкага – акадэмік НАН Беларусі Радзім Гарэцкі.

На працягу двух дзён канферэнцыі ўдзельнікі абмяркуюць наступны шэраг пытанняў: генезіс і тыпалогію жанраў гістарычнай літаратуры; гістарычную тэматыку ў шматмоўнай літаратуры Беларусі і беларускага замежжа; апісанне найбольш значных вех беларускай гісторыі ў літаратуры; аўтарскія мадэлі і стратэгіі ў беларускай гістарычнай літаратуры; жанрава-стылявыя пошукі беларускай літаратуры XX і XXI стагоддзя; а таксама навуковую, творчую і грамадскую дзейнасць Максіма Гарэцкага.